Памятаеце, якія кветкі загадала ў разгар зімы прынесці ў палац капрызная прынцэса з казкі Самуіла Маршака «12 месяцаў»? Правільна, падснежнікі. На клумбе каля чацвёртага дома па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры, дзе я жыву, як толькі сыходзіць снег, прабіваюцца белыя «ліхтарыкі» на тоненькіх сцяблінках. І гэта першая прыкмета, што зіма саступае месца вясне. Па-навуковаму кветка называецца галантус. Сёлета падснежнікі зацвілі яшчэ напрыканцы лютага.
Я вельмі люблю час, калі вясна тчэ каляровыя дываны ў лесе. Першацветы з’яўляюцца раней, чым лісцікі на дрэвах. Хутчэй за ўсіх спяшаюцца пацешыць наша вока падснежнікі і залаціста-жоўтыя «сонейкі» — падбел. Услед за імі «выстрэльваюць» пралескі і кураслеп. У Беларусі сустракаюцца два віды кураслепу: дуброўны (белы), казяльцовы (жоўты). На Пастаўшчыне жоўтых кветак вельмі шмат у лесе паміж вёскамі Рубеж і Барадзіно. Пралескі сустракаюцца паўсюдна. А цэлыя блакітныя азёры з іх распасціраюцца ў лясах паміж Дунілавічамі і Валкамі.
А хто не любіць ліловыя званочкі сон-травы? Згодна з легендай, выгнаны з раю сатана хаваўся пад шырокімі лістамі гэтай кветкі, і Архангел Міхаіл вогненным мячом рассек лісты на вузкія палоскі.
— Сваёй прыгажосцю першацветы прывабліваюць людзей, — гаварыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гатоўчык. — Многія збіраюць іх у букеты. Сарваныя кветкі хутка вянуць. А масавы збор першацветаў змяншае іх папуляцыю і здольнасць да вегетацыі. Кветкі цвітуць усяго два-тры тыдні. За гэты кароткі перыяд, пакуль не заглушыць трава, ім трэба назапасіць насенне на наступны год.
Згодна з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце», забараняецца самавольнае выкараненне і перасадка дзікарослых раслін, занесеных у Чырвоную кнігу. КаАП прадугледжвае адказнасць за парушэнне патрабаванняў па іх ахове і выкарыстанні. Таму першацветамі лепш любавацца ў лесе, захоўваючы іх прыгажосць для будучага пакалення.
У Чырвоную кнігу Беларусі занесены ветраніца лясная (кураслеп), першацвет высокі, пярэсна еўрапейская, раўнаплоднік пылюшнікавы, фіялка багнавая, сон-трава, медуніца мякенькая, званочак шыракалісты.
Анна Анішкевіч