Нарадзіўся 20 сакавіка 1994 года ў горадзе Камянец Брэсцкай вобласці. У 2016-м скончыў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Кіраванне падраздзяленнямі граніцы». Па размеркаванні быў накіраваны намеснікам начальніка пагранзаставы «Усава» Гродзенскай пагранічнай групы. Праз год узначаліў заставу «Галынка», а ў 2019-м вярнуўся на першае месца службы ў якасці кіраўніка падраздзялення. У 2022 годзе пераведзены ва ўпраўленне воінскай часці Гродзенскай пагрангрупы. Службу ў ёй сумяшчаў з набыццём паглыбленай вышэйшай адукацыі ў пагранічнай ВНУ. Сёлета атрымаў дыплом магістра.
Загадам Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2024 года маёр Мікалай Панасюк назначаны камендантам пагранічнай камендатуры «Паставы».
— Усе свае намаганні, памножаныя на веды і вопыт, разам з калектывам накірую на надзейную ахову Дзяржаўнай граніцы на даручаным участку, — дзяліўся планамі службы на новай пасадзе Мікалай Панасюк. — Пад маім кіраўніцтвам граніца і надалей застанецца трывалай заслонай ад любой супрацьпраўнай дзейнасці, усіх выклікаў і пагроз нядобразычліўцаў.
Каб ісці ў нагу з часам, органы пагранічнай службы бесперапынна ўдасканальваюцца, асвойваюць сучасныя спосабы і метады аховы граніцы. У нашым распараджэнні — найноўшыя ўзоры тэхнікі і ўзбраення, якія ўмела выкарыстоўвае кожны пагранічнік. У тым ліку беспілотнікі і сродкі барацьбы з тымі БЛА, якія запускаюць зламыснікі на нашу тэрыторыю.
Дзяржава істотна падтрымлівае ваеннаслужачых, таму мы абавязаны апраўдваць аказаны нам давер. Упэўнены: наш калектыў добрасумленным стаўленнем да сваіх абавязкаў штодзень будзе даказваць, што ахоўваць нацыянальныя інтарэсы краіны нам, пагранічнікам, даручана нездарма.