Вы даўно былі ў Манькавічах? Калі так, то для вас прыемны сюрпрыз: участак дарогі ад трасы да цэнтральнай плошчы вёскі на мінулым тыдні «апрануўся» ў асфальт.
Манькавічы дзякуючы індывідуальнаму прадпрымальніку Віталію Улыбіну, у якога тут абуладкавана аграсядзіба, круглы год карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў. Тут абсталявана 130-метровая горка для катання на цюбінгах зімой. З мая па верасень у Манькавічы прыязджаюць аматары сплаваў па рацэ Мядзелцы на каяках, адпачыць у апідоміку, пафатаграфавацца каля вадаспада, які ўтварыўся на месцы разбуранага вадзянога млына, палюбавацца царквой 1871 года, пахадзіць каля капліцы-пахавальні Друцкіх-Любецкіх.
Са з’яўленнем асфальту да Манькавіч дабірацца стала зручней. Работнікі Пастаўскага ДРБУ-132 паклалі асфальт, абуладкавалі з’езды з дарогі да дамоў: укапалі вадасцёкавыя трубы, добраўпарадкавалі абочыны. Працавала тут брыгада майстра Дзмітрыя Смятанкі. Асфальтаўкладчыкам кіраваў машыніст Сяргей Сабіранаў. Гарачы асфальт з завода дастаўляў на МАЗе вадзіцель Станіслаў Кухальскі. Сумесь раўнамерна размяркоўвалі па дарозе рабочыя Андрэй Канчанін, Павел Гінявец і Георгій Раманчык. Першымі па свежым асфальце праехалі каткамі Сяргей Галяк і Іосіф Вырвіч. Амаль на кіламетр дарогі зрасходавалі 740 тон асфальту.
Праязджаючы па раёне, бачу, што многія ўчасткі дарог былі прагрэйдзіраваны яшчэ ў пачатку сакавіка.
— Наша арганізацыя абслугоўвае звыш тысячы кіламетраў дарог, — расказваў начальнік філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» Станіслаў Рагіня. — Больш за 700 кіламетраў — з грунтавым або гравійным пакрыццём. Сёлета сезон добраўпарадкавання распачалі значна раней, чым звычайна: пасадзейнічала добрае надвор’е. Грэйдары ў першую чаргу пусцілі на тыя ўчасткі, якія найбольш знасіліся за зіму і дзе інтэнсіўны рух транспарту. На мінулым тыдні запусцілі свой асфальта-бетонны завод і пачалі «апранаць» у асфальт дарогі. Першым аб’ектам стала дарога да Манькавіч.
Дарогі зношваюцца і патрабуюць рэгулярнага рамонту. З-за інтэнсіўнага руху транспарту, рэзкіх перападаў тэмператур утвараюцца трэшчыны, выбоіны, ямы. На мінулым тыдні ДРБУ-132 набыло бітумную эмульсію для ямачнага рамонту. Яго праводзяць на спецыяльнай устаноўцы «Тайфун».
Вясна для дарожнікаў — гарачы час: зараз яны фарбуюць стойкі дарожных знакаў, бар’ерныя агароджы, поручні, аўтобусныя прыпынкі, убіраюць смецце.
У сераду і чацвер брыгада Дзмітрыя Смятанкі працавала на ўчастку аб’язной дарогі да трасы на Браслаў. У пятніцу распачалі работы па вуліцы Лясной у райцэнтры. Чакаюць сваёй чаргі іншыя дарогі.
Анна Анішкевіч