Медыяпартал «Смартпрэс» правёў конкурс «Дзікая прырода-2023». Работы прымаліся на электронную пошту з 26 верасня па 31 снежня мінулага года. 147 аўтараў, у тым ліку і жыхар нашага райцэнтра Валянцін Іваноў, даслалі іх ажно 675.
Вынікі конкурсу падводзіла журы з 9 чалавек, у склад якога ўваходзілі мастак, фатограф, вучоны, арнітолаг і іншыя спецыялісты. Яны завочна выбіралі сваіх фаварытаў у чатырох намінацыях: «Птушкі», «Звяры», «Насякомыя», «Рознае». Адабраныя імі фотаздымкі ўвайшлі ў фінал, у якім члены журы выстаўлялі кожнай рабоце ад 1 да 3 балаў.
Падведзены вынікі конкурсу. У намінацыі «Рознае» аднолькавую колькасць балаў набралі два фотаздымкі, таму спатрэбіўся суперфінал. На адным фота драпежная птушка нясе ў кіпцюрах рыбу, на другім — павук злавіў муху. У адкрытым галасаванні з лікам 7:2 перамог павук. Члены журы палічылі яго вельмі фотагенічным. Здымку «Красавица и чудовище» прысуджана 1-е месца ў намінацыі.
Расказваю пра гэта падрабязна таму, што аўтар названага фота — менавіта пастаўчанін Валянцін Іваноў. Тут варта адзначыць, што яго работа выканана макраздымкай, якая паказвае прыгажосць дэталяў дробных прадметаў або жывых істот, якія цяжка разгледзець без спецыяльнай апаратуры.
Усім чатыром пераможцам конкурсу ўручаны статуэткі «Бронзавы заяц». Іх здымкі будуць удзельнічаць у фотавыставе «Дзікая прырода Беларусі-2023», якая рыхтуецца ў сталіцы нашай краіны. А персанальная выстава фотаработ Валянціна Іванова мае адбыцца ў Пастаўскім Доме рамёстваў.
Фаіна Касаткіна