Вясна яшчэ па-сапраўднаму не ўступіла ў свае правы, а некаторыя ўладальнікі прысядзібных участкаў распачалі садовыя работы: зграбаюць рэшткі апалага лісця, што засталося з восені, абразаюць кусты і пладовыя дрэвы, беляць іх. У ліку такіх пастаўчанін Казімір Кішко, які амаль круглы год пражывае на дачы ў садаводчым таварыстве «Дукі».
Казімір Баляслававіч — дачнік з амаль 30-гадовым стажам. Зямельны ўчастак паблізу маляўнічага возера ён набыў у 1996-м. Праз год пабудаваў дом, праз два — лазню. Адначасова з будаўніцтвам заняўся пасадкай агарода, пладовых дрэў і ягадных кустоў. Сёння каля дома Кішко растуць каля 10 яблынь і груш, шмат вішань, 6 дрэўцаў паўднёвага чарнасліву, які дбайны гаспадар прывёз з г. Ізмаіла Адэскай вобласці, гібрыд слівы з абрыкосам, грэцкі арэх, чорныя і чырвоныя парэчкі, амерыканскія журавіны, а таксама 30 кустоў дурніц.
Завітаўшы ў Дукі, Казіміра Баляслававіча я сустрэла на вуліцы. Ён прыбіраў насыпанае пад дрэвамі лісце і бяліў ствалы.
— У адрозненне ад многіх гаспадароў восенню я не вывожу з участка лістоту, а падграбаю яе пад дрэвы, як раіць рабіць вядомы на Пастаўшчыне садавод Іван Сіманёнак, — расказваў. — Так цяплей зімой караням, плюс гэта добрая арганічная падкормка для дрэў. Калі сыходзіць снег, лісце выграбаю, каб прагравалася зямля. Заўважыў, што пад лісцевай коўдрай яна не ўтаптаная, а рыхлая, дзякуючы актыўнай жыццядзейнасці розных жучкоў і чарвячкоў. Ранняй вясной абавязкова бялю ўсе дрэвы і некаторыя кусты. Раблю гэта для таго, каб вясенняе сонца не абпальвала ствалы, асабліва маладых дрэўцаў і яны не хварэлі. Пасля цёплага сонечнага дня часта бываюць начныя замаразкі. Нагрэтая кара рэзка астывае і з-за перападу тэмпературы трэскаецца. У трэшчыны трапляюць розныя мікробы і пачынаюць там размнажацца. А вось абрэзку дрэў і кустоў стараюся праводзіць восенню, таму што вясной або празяваю, або іншыя работы набягаюць і не паспяваю гэтым заняцца.
Услед за пладовымі дрэвамі патрабуюць увагі чорныя і чырвоныя парэчкі. Калі на кустах пачынаюць з’яўляцца лісточкі, Казімір Баляслававіч апырсквае іх хімікатамі ад шкоднікаў. Затым пачынае комплексную падкормку дурніц. Робіць гэта, як і належыць, тры разы на год: у красавіку, маі і чэрвені. Таксама кожныя 10 дзён палівае іх вадой з разведзеным у ёй воцатам ці кіслым малаком, бо раслінам патрэбна кіслая глеба. У адказ дурніцы аддзячваюць багатым ураджаем, як і іншыя пладова-ягадныя насаджэнні.
Алена Шапавалава