Як мы расказвалі на старонках «ПК», у пачатку гэтага года раённы краязнаўчы музей, тэлеканал «Паставы ТБ» і рэдакцыя райгазеты пачалі праект, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго рамках ужо прайшлі сустрэчы з навучэнцамі СШ №4 імя В. Ф. Франтова і гімназіі. Школьнікі даведаліся шмат новага пра герояў, у гонар якіх названы вуліцы побач з іх навучальнымі ўстановамі. На мінулым тыдні эстафету праекта пераняла Дунілавіцкая СШ.
У Дунілавічах ёсць вуліца, якая носіць імя палітрука партызанскага атрада імя Шчорса брыгады імя Ракасоўскага Аляксандра Бульбянова — бацькі былога дырэктара мясцовай школы Васілія Бульбянова. Сын ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і яго суседка Леанарда Навой былі запрошаны на сустрэчу ў якасці ганаровых гасцей. Каб юныя жыхары аграгарадка ведалі, каму абавязаныя мірным небам над галавой, і ганарыліся героем, які тут жыў, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Вольга Андрэйчык і двое старшакласнікаў падрабязна расказалі пра баявы і жыццёвы шлях земляка.
Аляксандр Бульбяноў нарадзіўся 17 лютага 1923 года ў вёсцы Ражнова на Расоншчыне. Скончыўшы 7 класаў школы, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны год адпрацаваў бухгалтарам-касірам Расонскага нарыхтсена. Калі вораг прыйшоў на нашу зямлю, уступіў у знішчальны батальён, арганізаваны райваенкаматам для аховы райцэнтра і лоўлі нямецкіх парашутыстаў, а з красавіка 1942 года — у партызанскі атрад імя Шчорса, якім кіраваў Пётр Машэраў.
Знаходзячыся ў атрадзе, удзельнічаў у многіх баявых аперацыях: засадзе на чыгунцы Полацк—Себеж, знішчэнні буйнога чыгуначнага моста праз раку Дрысу, падрыве чыгуначнага палатна Варапаева—Паставы, рэйдзе ў тыл праціўніка ў Латвію, разгроме варожага гарнізона ў Залессі і іншых. На рахунку Аляксандра Бульбянова дзясяткі забітых і ўзятых у палон нямецкіх салдат і афіцэраў, шмат знішчанай тэхнікі і захопленай зброі. За праяўленую ў баях мужнасць ён двойчы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Таксама мае ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй» і ганаровыя граматы.
Пасля вайны Аляксандр Васільевіч працаваў настаўнікам Асінагародскай і Дунілавіцкай няпоўных сярэдніх школ, старшынёй калгаса «Бальшавік», які пры ім перайменавалі ў «Светлы шлях». Потым вярнуўся ў Дунілавіцкую СШ, быў дырэктарам вячэрняй школы. Шмат сіл і здароўя аддаваў навучанню і выхаванню падрастаючага пакалення, аднаўленню сельскай гаспадаркі і развіццю свайго калгаса. За гэта ў 1954 годзе атрымаў званне «Выдатнік народнай адукацыі», а ў 1966 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР узнагароджаны ордэнам Леніна. На працягу многіх гадоў Аляксандр Бульбяноў з’яўляўся дэпутатам раённага і сельскага Саветаў, членам прэзідыума раённага савета ветэранаў вайны і працы. Пасля выхаду на пенсію праводзіў вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі. Яго паважалі за чуласць, таварыскасць, уменне знаходзіць кантакт з людзьмі і працаваць з імі.
Зямны шлях ветэрана завяршыўся 4 жніўня 1997 года. Але памяць пра яго жыве ў людскіх сэрцах і назве адной з вуліц аграгарадка. Імя Аляксандра Бульбянова носіць таксама піянерская арганізацыя школы.
— Жыццё бацькі — гэта прыклад патрыятызму і служэння сваёй Радзіме і народу, — гаварыў Васілій Бульбяноў. — Колькі яго памятаю, ён заўсёды ставіў на першае месца не ўласныя інтарэсы, а дабрабыт народа і дзяржавы. Гэтак выхоўваў і нас, дваіх сыноў.
Васілій Аляксандравіч прыгадаў некаторыя моманты з біяграфіі роднага чалавека, якія яшчэ больш раскрылі яго асобу, пракаменціраваў фотаздымкі, што дэманстраваліся на экране мультыборда. А на завяршэнне свайго выступлення падарыў школе кніжку, якая была інструкцыяй для салдат Чырвонай Арміі і якой бацька карыстаўся, выкладаючы вучням дапрызыўную падрыхтоўку. Уласнымі ўспамінамі пра Аляксандра Бульбянова падзялілася і Леанарда Навой.
Як адзначыла ў канцы сустрэчы Вольга Андрэйчык, у кіраўніцтва школы ёсць задума стварыць музей, ганаровае месца ў якім будзе адведзена слаўнаму земляку. Таксама педагогі і навучэнцы хочуць, каб школе было прысвоена яго імя.
Алена Шапавалава