Чэмпіянат Беларусі па валейболе
Пасля пяці месяцаў барацьбы завяршыўся папярэдні раўнд нацыянальнага першынства сярод клубаў 1-й лігі. У мінулыя выхадныя прайшоў заключны матч у Барысаве. Наш «Атлант» згуляў у чарговым міні-турніры чатырох у Гомелі. 20—21 красавіка там адбудуцца галоўныя паядынкі сезона.
Развіць поспех не ўдалося
«ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск)–«Атлант» (Паставы) – 3:1
1 дзень. 3:1 (27:25; 19:25; 25:23; 25:22)
Леташні чэмпіён — салігорская каманда — істотна абнавілася. А вось у пастаўчан узніклі цяжкасці з выстаўленнем аптымальнага складу. Двое нашых ігракоў былі стомленыя, бо правялі 8 мачаў на армейскіх спаборніцтвах, а адзін гуляў увогуле хворы, з павышанай тэмпературай.
«Атлантаўцы» атрымлівалі асалоду ад сустрэчы, бо прамежкавую задачу выйсці ў фінал выканалі яшчэ ў студзені. Паядынак ішоў ачко ў ачко. Усё ж канцоўку першага сэта мацней правёў сапернік і выйшаў наперад. Далей ініцыятыву перахапілі пастаўчане, якія аднавілі раўнавагу па партыях.
На жаль, развіць поспех не ўдалося з-за адсутнасці атакуючых дыяганальных Дзмітрыя Грыневіча і Андрэя Казлоўскага. Салігарчане гэтым скарысталіся — закрылі над сеткай нашых, у якіх не было каго вывесці на завяршальны ўдар.
Тым часам «ДЮСШ-Шахцёр» выйшаў на 5-е выніковае месца, бо яго канкурэнт — сталічны РДВАР-2007 — саступіў (0:3) барысаўскаму БДУФК-2. «Газавік-Гомель» лёгка перамог з лікам 3:0 «Віцебскаблгаз».
Рэпетыцыя атрымалася
«Газавік-Гомель»–«Атлант» (Паставы) – 3:1
2 дзень. 3:1 (25:21; 25:21; 21:25; 25:23)
Па выніках суботніх матчаў сфарміраваліся абедзве паўфінальныя пары. У першай сустрэчы заключнага тура віцябчане пасля дзвюх прайграных партый вырвалі валявую перамогу (3:2) у салігарчан. Менш чым праз месяц у 1/2 фіналу «Віцебскаблгаз» пазмагаецца з гамяльчанамі.
Пастаўчане адпрацавалі мадэль наступнай важнай гульні ў паўфінале з «Барысавам-БДУФК-2», апрабавалі дзве розныя тактычныя схемы. Нягледзячы на адмоўны вынік гульні, рэпетыцыя ўдалася. На адказнай пазіцыі дыяганальнага паспяхова дэбютаваў 17-гадовы Яраслаў Недзведзь. Ён забіў шмат мячоў, падаў некалькі эйсаў. Бліскуча праявіў сябе на даігроўках наш навічок — кандыдат у майстры спорту Аляксей Пятрэвіч, а на прыёме і пры завяршэнні камбінацый добра гулялі Аляксей Лабуць і Руслан Мацкевіч.
У ходзе сустрэчы нашы ўвесь час лідзіравалі ў ліку. Адчуўшы небяспеку, трэнеры гамяльчан вярнулі на пляцоўку сваіх лідараў, узмацнілі гульню ў абароне. Гэта дапамагло фаварыту падняць шэраг «мёртвых» мячоў, мацней згуляць у канцоўках матча і перамагчы.
Для мінчан (6 ачкоў і 6-е выніковае месца), салігарчан (9 ачкоў і 5-е месца) сезон завершаны. У рамках падрыхтоўкі да рашаючых сустрэч «Атлант» дамовіўся правесці некалькі кантрольных матчаў у Мінску.
Уладзімір Шык