15 лютага… Журботная, але ў той жа час гераічная і ўрачыстая дата. Шануецца яна і на Пастаўшчыне, дзе ў чарговы раз прайшоў шэраг мерапрыемстваў у гонар памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, загінулых пры выкананні воінскага абавязку ў Афганістане.
Сем белых шароў, нібы сем белых галубоў, як сімвал нязгаснай памяці падчас мітынгу ў скверы па вуліцы Гагарына былі ўрачыста выпушчаны ў неба ў гонар семярых сыноў Пастаўшчыны, якія вярнуліся дадому на крылах «чорнага цюльпана»… Сярод іх і былыя выпускнікі прафтэхвучылішча Аляксандр Урбель і Міхаіл Лапко. Сёлета на будынку ўстановы адукацыі (сёння дзяржкаледж) з’явіліся мемарыяльныя дошкі ў гонар хлопцаў-герояў.
Падчас наведвання магіл воінаў-інтэрнацыяналістаў кранула да глыбіні душы прысутнасць роднага дзядзькі Аляксандра Урбеля. 88-гадовы Браніслаў Людвікавіч з в. Турлы шчыра захоўвае не толькі памяць пра пляменніка, але і зжаўцелую раённую газету «Звязда» 1989 года, дзе змешчаны артыкул пра яго.
Крысціна Рубель