В школах Поставщины начали использовать новые технологии приготовления пищи. Удачным ли оказался эксперимент?

Важное Образование

Смачна, разнастайна і збалансавана — так можна ахарактарызаваць харчаванне дзяцей у школах Пастаўшчыны, якія пачалі выкарыстоўваць новыя тэхналогіі прыгатавання ежы.

Эксперымент аказаўся ўдалым

Успамінаючы вучобу ў школе, многія з нас, упэўненая, прыгадваюць не толькі ўрокі і класныя мерапрыемствы, але і абеды ў школьных сталовых. У савецкі і постсавецкі час яны не вызначаліся разнастайнасцю і мудрагелістасцю страў, а таму не вельмі падабаліся вучням. Як правіла, у сталоўках падавалі 3-4 віды супоў і каш, сярод якіх самай нелюбімай усімі школьнікамі была манная, катлеты або гуляш з пюрэ ці макаронай, кісель або кампот. У 2000-я гады школьныя абеды сталі больш разнастайнымі і смачнымі. Але па-ранейшаму многае з прыгатаванага поварамі ішло ў адходы.

В школах Поставщины начали использовать новые технологии приготовления пищи. Удачным ли оказался эксперимент?

Каб выправіць сітуацыю, у снежні 2022 года Міністэрства адукацыі краіны запусціла пілотны праект па арганізацыі харчавання навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную ся­рэднюю і спецыяльную адукацыю на гэтым узроўні. У кожнай вобласці рэспублікі былі выбраны некалькі навучальных устаноў, дзе апрабоўваўся праект. На Віцебшчыне яго ўдзельнікамі сталі гімназія №1 абласнога цэнтра, адна са школ г. Гарадок і Дабрамысленская СШ Лёзненскага раёна. Эксперымент працягваўся да канца навучальнага года. За гэты час былі апрабаваны новыя тэхналогіі прыгатавання ежы. Змяніліся і некаторыя прынцыпы арганізацыі школьных абедаў. Сутнасць новых падыходаў заключалася ў тым, што першы прыём ежы школьнікі атрымлівалі не раней чым праз 2-2,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў (да гэтага маглі харчавацца ўжо пасля першага ўрока). А меню ў сталовых удасканалілі з улікам смакавых пераваг дзяцей.

Пасля заканчэння эксперыменту новыя прынцыпы школьнага харчавання вырашана было ўвесці ва ўсіх навучальных установах краіны. І 1 верасня 2023 года 82% беларускіх школ цалкам або часткова перайшлі на іх. У ліку такіх і школы Пастаўскага раёна. Дзесяць з іх абнавілі меню і змянілі графікі харчавання дзяцей. Тры навучальныя ўстановы — СШ №1, №3 і гімназія — пачалі выкарыстоўваць новае меню, але пакуль працуюць па старых графіках, таму што з-за недастатковай колькасці пасадачных месцаў у сталовых не могуць накарміць за адну змену патрэбную колькасць дзяцей. На новыя графікі харчавання яны пяройдуць з наступнага навучальнага года.

Не толькі катлеты, але і шашлык

Шашлычок з курыцы, біфштэкс са свініны, беф-строганаў, курыныя і рыбныя нагетсы, запечанае ў цесце рыбнае філе і запечаная бульба, біточак «Пяшчота», які на 60% складаецца з курынага і на 40% з рыбнага фаршу, тварожная запяканка «Дзень—ноч» — такія стравы цяпер гатуюць у школьных сталовых. Яны распрацаваны спецыялістамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій сумесна з тэхнолагамі тых раёнаў рэспублікі, навучальныя ўстановы якіх удзельнічалі ў пілотным праекце.

В школах Поставщины начали использовать новые технологии приготовления пищи. Удачным ли оказался эксперимент?

— Шашлык школьнікам падабаецца больш, чым звычайная катлета, а запечаная бульба — больш, чым вараная, — расказвала інжынер-тэхнолаг Пастаўскага міжгаліновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Анжаліка Сварцэвіч, якая займаецца пытаннем харчавання ў школах. — Як вядома, многія дзеці не любяць рыбу, пры тым што яна вельмі карысная для арганізма і абавязкова павінна быць у рацыёне. А вось рыбныя нагетсы і філе ў цесце ядуць ахвотна. Што да біточкаў, то наогул не здагадваюцца пра прысутнасць у іх рыбы. Меню мы пастаянна карэкціруем — замяняем адны стравы на іншыя з Інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт страў і вырабаў, арыентуючыся на смакавыя перавагі дзяцей. Школам таксама дазволена ўносіць у яго свае карэкціроўкі. Галоўнае, каб новыя стравы былі ідэнтычныя па каларыйнасці тым, якія не карыстаюцца папулярнасцю, і навучальныя ўстановы ўкладваліся ў фіксаваную грашовую норму.

Змяненне меню пацягнула за сабой мадэрнізацыю харчблокаў школьных сталовых — замену старога абсталявання на новае, больш тэхналагічнае. Для многіх школ раёна набыты параканвектаматы, у якіх гатуецца большасць страў, пасудамыйныя і працірачна-рэзальныя машыны, а таксама маразільныя скрыні, халадзільнікі, электраводанагравальнікі, электронныя шалі і электрычныя пліты. Грошы на гэта выдзелілі з бюджэту.

Восенню на базе Пастаўскага дзяржаўнага каледжа было арганізавана перанавучанне повараў. Яго прайшлі 18 чалавек, каб мець права працаваць на новым абсталяванні. 11 з іх перанавучыліся з 3-га разраду на 4-ты, астатнія, якія зусім не мелі разраду, спачатку атрымалі 3-ці, а потым 4-ты. На мінулым тыдні Анжаліцы Сварцэвіч патэлефанавалі з каледжа і прапанавалі перанавучыць повараў на 5-ты разрад. І некалькі работніц сталовых выказалі жаданне павы­сіць сваю кваліфікацыю.

Пакідаюць пустымі талеркі

У самай вялікай у раёне СШ №1, куды я вырашыла зазірнуць падчас школьнага абеду, навучаюцца 755 дзяцей. 728 з іх рэгулярна харчуюцца ў школьнай сталовай. Большасць вучняў атрымліва­юць аднаразовае гарачае харчаванне. Тыя, у каго 7 урокаў, дзеці са шматдзетных сем’яў, інваліды і якія наведваюць групу падоўжанага дня, ходзяць у сталовую два і нават тры разы на дзень.

— Раней вучні сярэдніх і старэйшых класаў абедалі ў сталовай не кожны дзень — усё залежала ад таго, што было ў меню, — гаварыла намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Марына Будзько. — Многія бралі толькі булачку і чай. Калі змянілася меню, павялічылася колькасць тых, хто харчуецца, дзеці сталі рэгулярна наведваць сталовую і заказваць паўнавартасны абед з першай і другой гарачымі стравамі.

В школах Поставщины начали использовать новые технологии приготовления пищи. Удачным ли оказался эксперимент?

З нядаўняга часу поварам у першай гарадской працуе выпускніца Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Злата Макаранка, у якой цяпер абавязковая адпрацоўка. Яшчэ адзін навучэнец каледжа, Арцём Іваноў, знахо­дзіцца тут на практыцы. Кіруе моладдзю і дапамагае ёй ва ўсім вопытная загадчыца вытворчасці Таццяна Латыш. Нагатаваць на такую вялікую колькасць дзяцей няпроста, таму повары часта вымушаны прыходзіць на работу ў 5 гадзін раніцы, а то і яшчэ раней. Па словах Марыны Кузьмінічны, яны стараюцца, каб усё было свежым і смачным, таму нярэдка чуюць словы ўдзяч­насці ад вучняў.

— З усіх страў дзецям найбольш падабаюцца шашлык і нагетсы, — расказвала Таццяна Латыш. — Вельмі любяць яны і курыныя катлеты, тушаныя буракі, запяканку. У захапленні ад запечанай долькамі бульбы, а таксама ад пастаўскага батона: колькі ні нарэжаш яго — увесь з’ядуць. Калі параўноўваць ранейшае меню з цяперашнім, то ў ім стала больш не толькі другіх гарачых страў, але і рознай салаты і напіткаў. У той жа час вучні крыху сумуюць па аладках і чаі, якія раней часта былі на абед. Цяпер аладкі мы зусім не гатуем, бо яны не ўваходзяць у пералік гарачых страў. Рэдка падаём і чай.

Ужо год, як у СШ №1 устанавілі параканвектамат, дзякуючы якому палепшыліся смакавыя якасці страў і іх карыснасць, з’явіліся шырокія магчымасці для запякання. А дзякуючы працірачна-рэзальнай машыне можна хутка прыгатаваць любую салату, зрабіць вельмі мяк­кія катлеты і бульбяное пюрэ. Разам са змяненнем меню гэта пасадзейнічала таму, што дзеці зараз з’ядаюць амаль усё, што заказваюць на абед ці падвячорак. У адходы ідзе толькі 10-15% прыгатаванага, у асноўным у малодшых класах, дзе школьнікі не могуць асіліць свае порцыі.

Знаходзячыся ў сталовай, я сама стала сведкай таго, з якім апетытам елі вучні. І ўсе на пытанне «Ці смачна?» у адзін голас адказвалі: «Вельмі смачна!»

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.