Учитель Галина Ижмайлович старается привить ученикам любовь к белорусскому языке и литературе

Образование

10-класніца пастаўскай СШ 1 Вікторыя Зелянкевіч — вялікая прыхільніца і знаўца беларускай мовы. Яна не толькі цудоўна на ёй размаўляе, але і ведае, як правільна пішацца тое ці іншае слова, лёгка разбярэ яго на марфемы, вызначыць склон або скланенне і ролю ў сказе. Таксама не пераблытае, якому беларускаму пісьменніку з тых, што вывучаюць у школе, належыць пэўны мастацкі твор. Усё гэта дзяўчына не раз даказала на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе.

У алімпіядах Вікторыя ўдзельнічае з 4 класа. І першым прадметам, па якім вырашыла паспаборнічаць з равеснікамі, стала менавіта беларуская мова. Пазней спрабавала свае сілы і ў іншых школьных дысцыплінах, паказваючы добрыя вынікі. Але найбольшага поспеху дабілася па роднай мове.

— Упершыню я паехала на «вобласць» у 8 класе. Выступала за 9-ты і атрымала дыплом ІІІ ступені, — расказвала дзяўчына. — Уладальніцай узнагароды такога ж узроўню стала і ў мінулым навучальным годзе, а ў гэтым заваявала дыплом І ступені. Да слова, у мяне была магчымасць удзельнічаць у абласных спаборніцтвах і па рускай мове, бо па ёй таксама выйшла пераможцам раённага этапа. Але выбрала беларускую: яна мне бліжэй, ды і ў падрыхтоўку па ёй укладзена больш сіл.

Цяпер Вікторыя з дапамогай сваёй настаўніцы Галіны Іжмайловіч старанна рыхтуецца да заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды: узгадвае ўвесь пройдзены матэрыял і прапрацоўвае слабыя месцы. Нават у вольны час, якога вельмі мала, бо наведвае яшчэ і школу мастацтваў імя А. Ромера, уплятае падрыхтоўку да інтэлектуальнага спаборніцтва: глядзіць беларускамоўныя перадачы пра нашых празаікаў і паэтаў. Кажа, што вельмі падабаецца тэлеканал «Беларусь 3», на якім ёсць віктарына з пытаннямі на веданне роднай мовы.

На інтарэс школьніцы да матчынага слова ў вялікай ступені паўплывала Галіна Гжаславаўна. Яшчэ ў 5 класе вопытны педагог заўважыла разумную, перспектыўную дзяўчынку і накіравала яе на падрыхтоўку да алімпіяды. Прызнаецца: стра­ціць такі скарб было немагчыма. Па словах настаўніцы, у школе нямала зацікаўленых беларускай мовай дзяцей. Галоўнае — працаваць з імі. Так, у класе Вікторыі алімпіяднікаў спачатку было трое. Зараз — двое: Віка і яе сяброўка Насця Райчонак, якая сёлета атрымала на «вобласці» дыплом ІІІ ступені.

На ўроках Галіна Іжмайловіч стараецца захапіць вучняў роднай мовай, расказаць пра яе адметнасць, данесці неабходнасць валодання ёю.

— Мая пазіцыя такая: мы — беларусы, жывём у Беларусі, беларуская мова ў нас дзяржаўная. Таму, як гаварыў Францішак Багушэвіч, важна і трэба ведаць чужую мову, але найперш трэба ведаць сваю. З гэтым лозунгам я і іду да дзяцей, — кажа настаўніца. — Заўсёды прыводжу прыклад: калі святар прыязджае працаваць у Беларусь, першае, што ён робіць, — вывучае нашу мову. І няхай не ўсе вучні захочуць размаўляць на ёй, пачуцця пагарды, знявагі да роднага слова ў іх няма і не будзе.

Самой Галіне Гжаславаўне любоў да беларускай мовы прывіла яе настаўніца з Навасёлкаўскай СШ Янія Яўгеньеўна Анкудовіч, многія вучні якой сталі настаўнікамі, выбралі філалогію. Цяпер былая выпускніца перадае гэту любоў сваім вучням. І некаторыя з іх, як у прыватнасці Вікторыя Зелянкевіч, размаўляюць па-беларуску не толькі на ўроках, але і дома з блізкімі. Гэтак жа дзяўчына рабіла, адправіўшыся разам з Насцяй Райчонак у пілігрымку ў Будслаў. І хоць школьніца не збіраецца быць філолагам — марыць паступіць у БНТУ на архітэктурны факультэт, — можна не сумнявацца ў тым, што родная мова заўсёды будзе прысутнічаць у яе жыцці.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.