Поставские воины-интернационалисты делятся воспоминаниями о тех далёких событиях

История

У наступным годзе раз­дзелу нашага музея «Воіны-інтэрнацыяналісты» споўніцца 35 гадоў. І на працягу ўсяго гэтага часу мы право­дзім экскурсіі па дадзенай тэме, запрашаем да нас на сустрэчы са школьнікамі ўдзельнікаў вайны ў Афганістане. Гасцямі музея станавіліся нават воіны-інтэрнацыяналісты з Вісагінаса. Ідзе час, змяняюцца пакаленні экскурсаводаў, але цікавасць да тэмы жыве. Папаўняецца колькасць экспанатаў у школьным музеі.

У гэтым годзе экскурсію па дадзенай тэме ўжо праслухалі вучні некалькіх класаў не толькі нашай школы, але і першай гарадской, а таксама Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі. І наперадзе іх яшчэ будзе нямала.

Поставские воины-интернационалисты делятся воспоминаниями о тех далёких событиях

А 17 лютага мы падрыхтавалі мерапрыемства да 35-годдзя з дня вываду савецкіх войск з Афганістана. Гасцямі музея сталі воіны-інтэрнацыяналісты прапаршчыкі Аляксандр Пешчаранкоў і Віктар Жураў. Іх радасна віталі вучні нашай школы.

Вядучы экскурсавод школьнага музея з 8 «Б» класа Максім Лятко падарыў музею падрыхтаваныя ім спісы воінаў-інтэрнацыяналістаў Пастаўшчыны. Так супала, што ў нашага актывіста якраз быў дзень нараджэння, таму ён атрымаў не толькі дыплом за старанную працу, але  і салодкі падарунак. Хлопец марыць пра воінскую службу, і сумесны здымак з «афганцамі» на памяць стаў для Максіма найвялікшай радасцю.

Памяць пра тых воінаў, якія вярнуліся на Радзіму «грузам-200» мы ўшанавалі хвілінай маўчання. А затым нашы госці падзяліліся ўспамінамі пра тыя далёкія падзеі.


Віктар Жураў нёс службу ў Афганістане на пасадзе дыспетчара дыспетчарскага пункта ў 1984—1985 гадах. Спачатку служыў у Ташкенце, затым — у Кабуле, Кандагары… Успамінаў, што вуліцы там вузкія для праходжання баявой тэхнікі, таму воінская часць размясцілася за 16 кіламетраў ад горада. Усё было непрывычнае: глінабітныя сцены, горы, пустыня — да Аравійскага паўвострава, падзел насельніцтва на плямёны. Але некаторыя мясцовыя жыхары ведалі англійскую мову, хутка навучыліся размаўляць і на рускай.

Электрастанцыі там не было, таму прыйшлося выкарыстоўваць вялікі марскі генератар на дызпаліве, якое дастаўлялі ажно з Савецкага Саюза. З перавозкамі было складана, таму эканомілі на ўсім: ежу гатавалі на электраплітках толькі раніцай і вечарам. Працаваў кінатэатр. Праўда, калі здараліся чалавечыя страты, усе мерапрыемствы адмянялі.

Зброю, боепрыпасы душманам праз Пакістан пастаўлялі ЗША, Кітай і іншыя краіны. Асаблівыя цяжкасці дастаўлялі напачатку амерыканскія сцінгеры. Яны, быццам жалезныя трубы, ляжалі на плячах душманаў і здаваліся нечым прымітыўным… Але, як аказалася, гэта была магутная зброя, якой збівалі нашы верталёты. Абстрэлы пазіцый вяліся і ноччу.

Па дарогах ішлі караваны, якія перавозілі зброю, у тым ліку на вярблюдах. Іх кантралявала паветраная разведка. Калі караваншчык, склаўшы рукі, маліў дазволу праехаць, значыць, гэта быў гандляр. Тэрарысты ж умомант займалі кругавую абарону і распачыналі бой. Вялікую небяспеку, да таго ж, уяўлялі ядавітыя змеі і скарпіёны, якія былі паўсюдна.

Салдаты заўсёды радаваліся прылёту Ан-26 — гэта быў паштовы самалёт, які звязваў нашых байцоў з далёкай Радзімай.


Аляксандр Пешчаранкоў служыў у Афганістане ў 1985—1986 гадах. Узгадваў, як яшчэ вучнем слухаў выступленні Міхаіла Ягорава, які ўзняў Сцяг Перамогі над рэйхстагам. Тады здавалася: вайна ў мінулым, яна ніколі іх, маладых, не закране. А тут… 1 верасня дачка пайшла ў першы клас, а 8-га Аляксандр Іванавіч ужо быў у Ташкенце. Затым — Кабул, Газні, Джалалабад… Задачай яго, тэхніка групы па ўзбраенні, была запраўка верталётаў снарадамі. Адпрацаваўшы, Мі-8 і Мі-24 вярталіся на запраўку. Неабходна было за кароткі час сабраць, зара­дзіць, падвесіць снарады. Справа ўскладнялася неймавернай спёкай — тэмпература паветра даходзіла да +50 оС. Але стаяла задача знішчыць амерыканскую і кітайскую тэхніку, боепрыпасы, што паступалі з тэрыторыі Пакістана. Караваншчыкаў правяралі, тэхніку ж знішчалі. Быў аддадзены загад, каб ноччу па гэтых дарогах не рухаліся савецкія машыны: у начны час на дарогах знішчалася любая тэхніка.

Месцы службы адрозніваліся паміж сабой умовамі: Газні — гэта горы, холад, з ежы — згушчонка, малочны суп, Джалалабад — невыносная спёка, посуд мылі вадой з хлёркай, каб не занесці інфекцыю.

Абслугоўвалі штурмавыя дэсантныя брыгады. Усім вядома, што першымі ў Афганістан прыбылі дэсантнікі 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі (зараз — 103-я брыгада). Яна і панесла найбольшыя страты. Перад высадкай дэсанта кожны раз дзейнічала рэактыўная сістэма апрацоўкі гэтага месца. Пытаннямі харчавання, абмундзіравання займаўся батальён забеспячэння.

Напэўна, рана ўсё-такі быў выведзены адтуль наш ваенны кантынгент, так як пасля нас амерыканцы ператварылі Афганістан у цэнтр тэрарызму і наркаманіі.


Сустрэча атрымалася змяс­тоўнай. Мы шчыра ўдзячныя нашым гасцям — воінам-інтэрнацыяналістам Аляксандру Пешчаранкову і Віктару Жураву — за ўспаміны, іх мужнасць і гераізм, праяўленыя ў той вайне. Канечне ж, павіншавалі іх са святам абаронцаў Айчыны.

Вялікі дзякуй і Аляксандру Кузняцову за каштоўны падарунак музею, які ён зрабіў яшчэ ў мінулым навучальным го­дзе — каляровы буклет з фота­здымкамі і біяграфіямі нашых землякоў, прызваных іншымі ваенкаматамі, якія вярнуліся на Радзіму «грузам-200». Пра іх нядаўна пісала раённая газета.

Ужо звыш чвэрці стагоддзя мы знаёмім наведвальнікаў музея з кнігай «Памяць. Афганістан» 1991 года выпуску. У ёй змяшчаюцца звесткі, здымкі, успаміны родных і сяброў «афганцаў», вытрымкі з газет пра 771 беларуса, у тым ліку чатырох жанчын, якія загінулі на афганскай зямлі. Ёсць у гэтай кнізе ўсе даныя пра жыхароў Пастаўшчыны Сяргея Емеца, Міхаіла Жумаева, Пятра Шаколу. А вось інфармацыя, якая знаходзіцца пра іх у інтэрнэце, недакладная.

У завяршэнне хачу звяр­нуць увагу вось на што. Апошнім часам славян, якіх раней аб’ядноўвала агульная тэрыторыя СССР, сталі раздзяляць, супрацьпастаўляць адно аднаму. А возьмем, напрыклад, тых жа трох воінаў-інтэрнацыяналістаў: С. Емец — украінец, М. Жумаеў — рускі, П. Шакола — беларус. Мы ж расказваем пра іх усіх разам, як пра адно цэлае, непадзельнае, бо яны загінулі, выконваючы агульную задачу. І нават пасля смерці пацвярджаюць адзінства славян і бессмяротнасць салдацкага братэрства.

Рэгіна Ластоўская, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2 імя Н. М. Асяненкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.