Пастаўчане вярнуліся з ВДНГ у Маскве, дзе праходзіць маштабная прэзентацыя вытворчага, культурнага і турыстычнага патэнцыялу Віцебскай вобласці. Сваімі ўражаннямі падзяліўся начальнік аддзела спорту і турызму райвыканкама Вячаслаў Врублеўскі:
— З 6 па 10 лютага, акрамя буйных вытворчых прадпрыемстваў паўночнага рэгіёна, у павільёне «Рэспубліка Беларусь» Віцебшчыну прадстаўлялі Глыбоцкі раён і наш. Наведвальнікаў было вельмі шмат, асабліва ў суботу. Іх прываблівалі наш Дзед Бай, у якога ўдала ўвасобіўся дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзмітрый Андрэеў, звонкія галасы супрацоўніц Цэнтра культуры і народнай творчасці Вольгі Лойкі, Таццяны Карпавай, кіраўніка народнага клуба «Майстры» Алены Крывенькай. Яны тры разы за дзень выходзілі на сцэну са спецыяльнай праграмай, спявалі аўтэнтычныя беларускія народныя песні, праводзілі гульні, майстар-класы па народных танцах. Пакружыцца ў іх жадалі многія. Госці выставы цікавіліся беларускай гісторыяй, нацыянальнай культурай, бытам людзей. Асобных захапіў расказ пра рэканструкцыю падзей Першай сусветнай вайны, якая праходзіла на Пастаўшчыне, іншыя падрабязна распытвалі пра АДРАЦ «Ветразь».
У павільён заходзілі ў асноўным простыя масквічы. Заглянулі і высокія госці — паслы розных дзяржаў. Іх суправаджаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Сыры і сырныя шарыкі нашага малочнага завода, прадукцыя, якую выпускае Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства спадабаліся ўсім, уразілі работы мясцовых майстроў.
Прыемна было вітаць землякоў. Адны расказвалі, што нарадзіліся на Пастаўшчыне, пакінулі яе ў дзяцінстве і больш ніколі сюды не вярталіся. Таму распытвалі пра раён, месцы адпачынку. Не абмінула наш павільён і мастачка Людміла Курыловіч, якая нарадзілася ў Паставах, а цяпер жыве ў Маскве.
Па выніках сустрэч мы заключылі пагадненне з асацыяцыяй мастакоў-пленэрыстаў. У яе кіраўніка Лінды Крыцкай каля сотні выстаў уласных работ у розных гарадах Расіі. Яна зацікавілася нашым раёнам і паабяцала летам разам з членамі асацыяцыі прыехаць на Пастаўшчыну, дзе арганізуе пленэр. Карціны, на якіх будуць намаляваны нашы помнікі архітэктуры, прырода, пазней зоймуць годнае месца на прэстыжных выставах Расіі.
Падрыхтавала Анна Анішкевіч