13 лютага ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі адбыўся фінальны этап рэспубліканскай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Акцябрацкі, піянерскі, маладзёжны квіз». Яго пераможцам сярод піянераў стала каманда «Бусляняты» 7 «Б» класа пастаўскай СШ №2 імя Н. М. Асяненкі ў складзе Максіма Пачко, Дашы Бялкоўскай, Ані Аўгусціновіч, Каці Сырапяткі, Улада Сіўчака і Паліны Ліпатавай.
Да гэтай перамогі 7-класнікі другой гарадской школы ішлі тры месяцы. Спачатку яны вытрымалі конкурсны адбор у сваёй навучальнай установе. Потым выйгралі ў раёне і вобласці. А затым абышлі сапернікаў на «рэспубліцы». На такі вынік ні самі «Бусляняты», ні іх кіраўнік — педагог-арганізатар Юлія Януш — не разлічвалі, хоць уклалі ў падрыхтоўку шмат часу і сіл.
— «Акцябрацкі, піянерскі, маладзёжны квіз» праводзіцца ўжо 6 гадоў і нагадвае гульню «Што? Дзе? Калі?», — расказвала пра яго сутнасць Юлія Сяргееўна. — Каманды з шасці чалавек сядзяць за столікамі ў зале і адказваюць на пытанні. Усяго іх 36 у 6 турах, кожны з якіх мае пэўную тэму. 7-ы — рызыка-тур — складаецца з 3 пытанняў павышанай складанасці. У ім можна як зарабіць ад 1 да 3 балаў, даўшы правільны адказ, так і страціць іх у выпадку няправільнага адказу. Якія будуць пытанні, ніхто загадзя не ведае. Толькі непасрэдна перад гульнёй арганізатарам прыходзіць спасылка па электроннай пошце, перайшоўшы па якой адкрываюцца тэмы. У нас былі і пра спорт (патрабавалася назваць знакамітых спартсменаў, хто з іх і колькі разоў станавіўся алімпійскім чэмпіёнам, у якім відзе і якія медалі заваяваў і г.д.), і пра Канстытуцыю (калі яна была прынятая, колькі мае раздзелаў, якія з іх датычаць дзяцей), і пра гісторыю піянерскага і маладзёжнага руху, Вялікую Айчынную вайну, абарону Брэсцкай крэпасці, у цэлым пра Беларусь (беларускіх пісьменнікаў, знакамітых асоб, песні, народныя інструменты, абрады, легенды, паданні і інш.). Адным словам, трэба ведаць усё.
Каб належным чынам падрыхтаваць каманду да гульні, яе кіраўнік знайшла ў інтэрнэце і спампавала ўсе акцябрацкія, піянерскія, БРСМаўскія і іншыя квізы за апошнія 6 гадоў, а потым прайшла іх з дзецьмі. Убачыўшы, якія тэмы бываюць, разам з настаўнікамі-прадметнікамі прапрацоўвалі кожную, выкарыстоўваючы ўсю даступную літаратуру. Выбіралі інфармацыю, якая можа спатрэбіцца, раздрукоўвалі і давалі вучыць дзецям: аднаму — пра вайну, другому — пра БРСМ, трэцяму — пра спорт і г.д. Не рыхтаваліся толькі па беларускай культуры і літаратуры, бо былі ўпэўненыя ў энцыклапедычных ведах пераможцы абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па роднай мове Максіма Пачко. Таксама шукалі ў інтэрнэце тэсты для школьнікаў 10-12 гадоў па розных тэматыках і праходзілі іх. Прымушаць дзяцей займацца, па словах Юліі Януш, не трэба было. Яны рабілі гэта з задавальненнем, бо стымулявалі перамогі ў школе, раёне і вобласці.
— Калі пасля гульні ў Віцебску мы даведаліся, што выйгралі сярод 22 каманд, дзеці плакалі ад радасці, — прыгадвае нядаўнія падзеі педагог. — Яны былі гатовыя ў той жа момант пачаць рыхтавацца да «рэспублікі». Па дарозе на аўтавакзал я прапанавала пагуляць па горадзе, бо да аўтобуса заставалася яшчэ дзве з паловай гадзіны. Але ўсе дружна адмовіліся, а потым, седзячы на вакзале ў кафэ, дасталі кнігу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і энцыклапедыю беларускай літаратуры, якія ўзяў з сабой Максім, і пачалі іх гартаць.
Яшчэ больш эмоцый было пасля перамогі ў фінале, дзе сабраліся самыя моцныя каманды з усіх абласцей Беларусі і Мінска. Нашы школьнікі захапілі лідарства з першых тураў гульні (усяго іх праводзілася 7) і не ўпусцілі яго да канца, хоць барацьба аказалася вельмі напружанай. Пра гэта сведчаць набраныя балы: у «Буслянят» іх 28, ва ўладальнікаў 2-га месца — 26, 3-га — 24. Цікава, што сталічныя школьнікі занялі апошняе, 7-е, месца.
За перамогу разам з дыпломам пастаўчане атрымалі сувеніры і падарункі: мяккі талісман ІІ Гульняў краін СНД — Рысіка, калонкі да камп’ютара і настольную гульню. Таксама падчас рэгістрацыі кожнаму ўдзельніку квіза ўручылі пакет з майкай, блакнотам, ручкай і бірулькай з лагатыпам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Як ужо адзначалася, фінал інтэлектуальнай гульні праходзіў у Нацыянальным алімпійскім камітэце. Яго гаспадары правялі для школьнікаў экскурсію па будынку і размешчаным у ім Музеі алімпійскай славы, дзе паказалі ўзнагароды нашых знакамітых спартсменаў і іх касцюмы, расказалі пра кожнага і падарылі часопіс «Team.by: гісторыі нашых перамог». З дапамогай спецыяльнай тэхнікі вучні змаглі прабегчы па стадыёне і пастраляць па мішэнях.
Акрыленыя сваім поспехам, «Бусляняты» маюць цвёрды намер удзельнічаць у квізе і ў наступным навучальным годзе. З такім азартам і багажом ведаў ім па сілах перамагчы любога саперніка.
Алена Шапавалава
Фота даслала Юлія Януш