Нарадзіўся і вырас у Браслаўскім раёне. Яго шлях у прафесію пачынаўся ў дзяцінстве з жывёлагадоўчай фермы, дзе даяркай працавала маці. Яна часта брала з сабою сына. Хлопчык упэўнена адчуваў сябе сярод рагуль, ахвотна дапамагаў матулі ўпраўляцца з дойным статкам. Яму гэта было нават цікава. І на ўласным падворку трымалі жыўнасць: лайдачыць не атрымлівалася.
Калі настаў час выбіраць прафесію, пайшоў на ферму. 17 гадоў зімой на кані падвозіў кармы, летам пасвіў статак у полі. Здаралася, дапамагаў даяркам даіць кароў, некаторых жанчын падмяняў. Зразумеў, што ў яго гэта атрымліваецца не горш, чым у іх.
У Кураполле Міхаіл перабраўся гады тры таму ў пошуках вышэйшай зарплаты. Кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала работу аператара машыннага даення на малочнатаварным комплексе. Міхаілу даверылі раздой першацёлак, якіх у групе 50. Работа вельмі няпростая і адказная.
— У людзей склаўся стэрэатып, што даенне кароў — гэта выключна жаночы занятак і што менавіта яны найлепш з гэтым спраўляюцца, — гаварыў Міхаіл. — На мой погляд, такой нялёгкай працай павінны займацца мужчыны, так як дужэйшыя. А фізічнай работы на ферме нямала. Як і ў любой справе, тут трэба прызвычаіцца, спачатку прывучыць жывёлу да даільнага апарата. Адну карову перад даеннем пагладжу, да іншай трэба праявіць строгасць, каб адчувала парадак. Я ўжо вывучыў нораў кожнай. І першацёлкі прывыклі да мяне. Усе расцяліліся. Ад іх за дзень атрымліваю амаль тону малака. Добрым надоям спрыяюць сянаж і сілас, а таксама камбікорм, які выдаецца на надоены літр.
У 5.30 Міхаіл ужо на ферме. Аглядае групу, ацэньвае стан здароўя жывёлы, варушыць кармы. У 6 гадзін пачынаецца дойка. Управіўшыся з работай, едзе дадому. Вечарам — усё па адпрацаванай схеме.
— Мяне ў Кураполлі ўсё задавальняе, — працягваў. — Атрымаў адрамантаваную кватэру з электрычным ацяпленнем. Зарплата — 2,5 тысячы рублёў. Вяртацца на радзіму не планую, хоць бываю там часта — езджу праведаць маму.
Анна Анішкевіч