Кожны чалавек сутыкаецца ў жыцці з пэўнымі праблемамі. Не выключэнне і маладыя людзі. Што непакоіць моладзь нашага раёна, высвятляла Караліна Вялічка.
Злата Макаранка:
— Моладзь часта паддаецца меркаванню большасці. Маладыя людзі баяцца паказаць, што нечым адрозніваюцца ад іншых, напрыклад, пішуць вершы, граюць на музычных інструментах або любяць спяваць. Ім страшна быць не прынятымі сваімі аднагодкамі, таму яны пачынаюць займацца тым жа, чым і іншыя, як ім здаецца, паспяховыя юнакі і дзяўчаты: наведваць бары і клубы, ужываць алкаголь і курыць. Калі ж маладому чалавеку гэта не цікава, ён праводзіць ледзь не ўвесь вольны час у інтэрнэце. І часам за праглядам забаўляльных, а то і бессэнсоўных відэаролікаў.
На маю думку, тут у моладзі не так і шмат магчымасцей развівацца. І для вырашэння гэтай праблемы варта арганізоўваць для яе сумесны адпачынак. Гэта могуць быць паездкі, паходы ці нават спартыўныя секцыі. А яшчэ было б нядрэнна праводзіць дыялогі на тэму «Я не такі, як усе» і даводзіць да падлеткаў, што мець хобі — гэта нармальна і нельга асуджаць некага за тое, што ён спявае, чытае кнігі або вышывае.
Лізавета Афанасьева:
— Лічу, што маладым людзям у нас не хапае аб’яднанняў па інтарэсах, гурткоў і па-сапраўднаму цікавых для іх мерапрыемстваў. Таму і атрымліваецца, што большую частку свайго часу яны праводзяць сам-насам, а гэта не заўсёды добра. Многім маім знаёмым у Паставах сумна (а што ўжо казаць пра вёскі), бо арганізацыі культурнага адпачынку моладзі тут удзяляецца менш увагі, чым хацелася б. Інтарэсы ў маладых людзей розныя. Добра было б, каб мерапрыемствы для іх ладзілі не толькі цікавыя, але і карысныя. Гэта могуць быць як спартыўныя спаборніцтвы, так і інтэлектуальныя гульні.
Дар’я Воўк:
— Хачу вылучыць дзве асноўныя праблемы моладзі. Першая і самая важная — гэта ўзаемаадносіны маладога і старэйшага пакаленняў. У іх увесь час узнікаюць непаразуменні. Нашы прынцыпы і інтарэсы часам здаюцца дзіўнымі сталым людзям і ўспрымаюцца катэгарычна. Думаю, выправіць гэту сітуацыю можна шляхам арганізацыі сумеснага адпачынку моладзі і старэйшага пакалення. Пажылым варта падтрымліваць маладых і даць ім магчымасць праяўляць крэатыўнасць. Другая праблема, характэрная для моладзі, — пошук сябе, выбар свайго месца ў жыцці. Ведаю, што часта маладыя людзі не жадаюць працаваць па спецыяльнасці. Дык вось, каб гэтага не было, яшчэ ў школьным узросце варта больш дасканала расказваць дзецям пра тыя ці іншыя прафесіі, у чым іх сутнасць, ладзіць больш экскурсій на прадпрыемствы, праводзіць дні самакіравання.