Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы.
Штат землеўпарадкавальнага аддзела Пастаўскага райвыканкама невялікі — 5 чалавек, але ўсе яны сапраўдныя прафесіяналы. Адзін з іх — Аляксей Латушкін, які ў землеўпарадкавальнай службе ўжо 27 гадоў.
— Пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута і тэрміновай службы ў арміі ў лютым 1997-га я ўладкаваўся землеўпарадкавальнікам у Дунілавіцкі сельскі Савет, — узгадвае Аляксей Барысавіч. — Праз некалькі гадоў давялося абслугоўваць яшчэ і Валкоўскі, Навасёлкаўскі, Казлоўшчынскі сельсаветы. Работы было вельмі многа, стараўся з усім спраўляцца.
Тут варта нагадаць, што раней у штаце кожнага сельскага Савета меўся землеўпарадкавальнік. Але паступова вёскі сталі пусцець, асабістых гаспадарак станавілася ўсё менш, а калектыўныя ўзбуйняліся. У выніку такія штатныя адзінкі ў сельскіх Саветах скарацілі, а землеўпарадкаваннем сталі займацца адпаведныя аддзелы, створаныя ў райвыканкамах. У іх функцыі ўваходзіць выдзяленне ўчасткаў ва ўласнасць або ў пажыццёва-спадчыннае ўладанне ці пастаяннае карыстанне, падрыхтоўка да разгляду зямельных спрэчак і зваротаў, ажыццяўленне кантролю за выкарыстаннем зямель і іншае.
Зямля — найвялікшае багацце, і вельмі важна рацыянальна яе выкарыстоўваць. Высокая адказнасць землеўпарадкавальнікаў, бо ад дакладнасці работ, якія яны выконваюць, залежыць вельмі многае, у тым ліку і праца іншых спецыялістаў. Кожны будынак, дарога, паварот, канал маюць свае каардынаты. На карце іх знаходжанне павінна быць нанесена дакладна. Калі каардынаты вызначаны няправільна, у далейшым гэта можа выклікаць зямельныя спрэчкі.
Характарызуючы работу свайго намесніка Аляксея Латушкіна, начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Алена Іванькова падкрэсліла яго адказнасць, ініцыятыўнасць, таксама не прамінула адзначыць старанне галоўных спецыялістаў аддзела Ніны Зілгалавай, Наталлі Брысь, Мікалая Жолнера, з удзячнасцю гаварыла пра ўклад у агульную справу ветэранаў аддзела, якія ўжо на заслужаным адпачынку.
Аляксей Латушкін працуе з юрыдычнымі асобамі — рыхтуе рашэнні па выдзяленні або адабранні зямель, пераходзе праў, змяненні мэтавых назначэнняў, устанаўленні фіксаваных межаў зямельных участкаў, іх легалізацыі. Прызнаецца, што часта даводзіцца працаваць з рашэннямі нават дома.
А яго дом знаходзіцца ў Дунілавічах, якія за 35 кіламетраў ад райцэнтра і адкуль ён кожны дзень едзе сюды на работу. У суседняй вёсцы — Сяргеевічах — жывуць яго і жончыны бацькі. Такім чынам, і фізічнай работы на сваім і прысядзібных участках бацькоў Аляксею хапае. Але гэта яму ў радасць. Засмучае іншае — калі бачыць занядбаныя ўчасткі зямлі. На тое, каб яна не пуставала, а выкарыстоўвалася рацыянальна, і накіравана работа спецыяліста і яго калег.
Фаіна Касаткіна