У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры Пастаўскага раёна прайшоў навагодні ранішнік для яго выхаванцаў.
На мерапрыемства сабралася шмат гасцей. Сярод іх — старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і яго намеснік Станіслаў Чымбург, прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама бацькі дзетак, якія тут знаходзяцца часова. У актавай зале — вялікая ёлка. Выхаванцы ў прыгожых касцюмах казачных герояў. Забаўляльную праграму для іх падрыхтавалі работнікі раённага Дома культуры.
Назіраю за дзецьмі — і ў мяне наварочваюцца слёзы. Хлопчыкі і дзяўчынкі не зводзяць вачэй са сваіх мам і татаў, усміхаюцца ім, махаюць рукамі. І, здаецца, ужо не чакаюць Дзеда Мароза са Снягуркай, а хочуць хутчэй прытуліцца да сваіх родных людзей. Але казачная атмасфера паступова іх зацягвае, і малыя ў касцюмах зайчыкаў, сняжынак кружацца ў танцы, спяваюць песні і раз-пораз пазіраюць на рэакцыю бацькоў: ці ацэняць тыя іх здольнасці?
— Клопат пра дзяцей — прыярытэтная задача дзяржавы, — гаварыў, віншуючы прысутных з навагоднімі святамі, Сяргей Чэпік. — У прытулку створаны ўсе ўмовы для камфортнага знаходжання. Але як бы ўтульна тут дзеткам ні было, яны прагнуць бацькоўскай любові. Кіраўніцтва раёна, работнікі СПЦ робяць усё для таго, каб вочы дзяцей свяціліся шчасцем. Яно напаўняе нашы сэрцы, калі бачым, як выхаванцы радуюцца падарункам, весяляцца.
З віншаваннямі да іх звярнуліся таксама намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Нагановіч, дырэктар і спецыяліст па ідэалагічнай рабоце малочнага завода Георгій Касцень і Аляксандра Гайлеўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч. Яны ўручылі выхаванцам салодкія падарункі, разам з імі вадзілі карагоды, удзельнічалі ў конкурсах.
@www.postawy.by Воспитанников СПЦ с Новым годом поздравили руководство района и многочисленные гости. #postavykr #поставы #новыйгод #новыйгод2024 #нашидети #дети ♬ оригинальный звук — postawy.by
Дырэктар СПЦ Наталля Селіванава падзякавала гасцям за ўвагу, якую яны аказваюць не толькі падчас дабрачыннай акцыі, але і за пастаянную дапамогу. У мінулым годзе пры садзейнічанні раённай улады, дапамозе спонсараў ва ўстанове шмат зроблена па абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Ранішнік завяршыўся. Дзеці, радасныя, падбеглі да сваіх бацькоў, захоплена дзяліліся з імі сваімі ўражаннямі, фатаграфаваліся з роднымі каля ёлкі. Удзячна абдымалі яны і гасцей, смела адказвалі на іх пытанні. А запаветным жаданнем кожнага было вяртанне ў сям’ю. Няхай яно абавязкова збудзецца!
Анна Анішкевіч