Видеорепортаж: Поставы. Место для жизни. Главный эфир от 14.01.24. на Беларусь 1

Главное Общество

У нядзелю на канале «Беларусь 1» у «Галоўным эфіры» выйшаў сюжэт пра Паставы «Месца для жыцця». Пасля яго давялося пачуць шматлікія водзывы землякоў. Падзялюся некаторымі з іх.

Іван Мядзюха: «Глядзеў на Паставы вачыма карэспандэнта сталічнага канала — і ганарыўся. Сапраўды, не ў кожным горадзе ёсць сваё тэлебачанне. А мы выпуску навін «Паставы ТБ» кожную пятніцу чакаем з нецярпеннем. Падабаецца аператыўнасць, падача матэрыялу. Паглядзіш перадачу — і акунешся ў атмасферу тых мерапрыемстваў, што адбываюцца ў раёне, убачыш вытворчыя працэсы на прамысловых прадпрыемствах. І калі маладыя самі могуць выбрацца на фестываль, канцэрт, то для пажылых, у каго праблемы са здароўем, мясцовае тэлебачанне — асноўная крыніца інфармацыі пра падзеі ў раёне.

А якія таленавітыя дзеткі займаюцца ў цыркавой студыі «Каскад»! Ведаю, што яе кіраўнік Алёна Дзіль — прафесіянал сваёй справы. Аказваецца, яна яшчэ і патрыёт сваёй Радзімы! Вось з каго трэба браць прыклад!»

Галіна Пяткоўская: «Прызнаюся, я па натуры песіміст. Ва ўсім бачу ў першую чаргу штосьці негатыўнае. Часта на нешта наракаю. А пасля прагляду сюжэта задумалася: у Паставах ёсць шмат таго, да чаго мы ўжо прывыклі, таму і не прыкмячаем, не цэнім. І толькі калі чуем станоўчыя водзывы іншых, звяртаем на гэта ўвагу. Асабіста мне на ўсё адкрываюць вочы ўражанні гасцей з-за мяжы. Яны, пабываўшы ў многіх краінах, хваляць нашу прадукцыю, ім падабаецца наш горад. Значыць, у нас ёсць чым ганарыцца».

Антон Хаткевіч: «Пасля прагляду перадачы захацелася запрасіць карэспандэнта прыехаць на Пастаўшчыну яшчэ не раз: у нас захавалася шмат архітэктурных, гістарычных помнікаў, напрыклад, больш нідзе ў Віцебскай вобласці не сустрэнеш такіх дамоў рамеснікаў, як на цэнтральнай плошчы нашага горада. А такія культавыя збудаванні, як камайскі і лучайскі касцёлы, апідамская царква, — каштоўная спадчына.

Залаты фонд Пастаўшчыны — яе жыхары. Мы ганарымся Героямі Савецкага Саюза Ганнай Маслоўскай і Фёдарам Маркавым, Героем Сацыялістычнай Працы Алегам Валодзькам. Годнымі іх нашчадкамі з’яўляюцца сучасныя жыхары раёна, тыя, хто ўдастоены ганаровых званняў «Чалавек года Віцебшчыны» і «Чалавек года Пастаўшчыны». Пра кожнага, несумненна, атрымаўся б цікавы сюжэт».

Ігар Галаўко: «Паставы — нядрэннае месца для жыцця. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Прамысловым лакаматывам раёна можна назваць малочны завод. Сярод моцных прадпрыемстваў — і Пастаўскі мэблевы цэнтр, дзе я працую ўжо больш за 10 гадоў. Колькі станоўчых змен адбылося на ім за гэты час! І цяпер, нягле­дзячы на санкцыі Захаду, ПМЦ развіваецца, закупляе сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, абнаўляе і пашырае асартымент прадукцыі. Яна карыстаецца попытам на сусветным рынку. Ці гэта не гонар для нас? Няма праблем з працаўладкаваннем — было б жаданне! Будуецца жыллё. А колькі транспарту на гарадскіх вуліцах! Усё гэта сведчыць пра тое, што людзі ў нас жывуць заможна».

Уладзімір Шакола: «Разумею, што задачай журналіста сталічнага тэлебачання было паказаць горад з найлепшага боку, вылучыўшы адметнае, тое, чым можна ганарыцца. Але ў нас ёсць чым ганарыцца і ў вёсцы. Возьмем, напрыклад, ААТ «Хацілы-агра». Яшчэ ў 2010 годзе тут з’явілася першая ў раёне рабатызаваная ферма — гэта быў сапраўдны цуд! Не верылася, што людскія рукі могуць замяніць разумныя машыны. Сельгаспрадпрыемства з года ў год дабіваецца высокіх намалотаў зерневых і зернебабовых. Летась іх атрымалі больш чым па 70 цэнтнераў з гектара. Заслуга ў гэтым працавітых людзей і найперш кіраўніка гаспадаркі Вячаслава Крыштафовіча. Лічу, пра яго варта зняць дакументальны фільм».

Марыя Літвіновіч: «Часта чую нараканні на жыццё ў нашым горадзе, раёне. Не з усім згодная. Вядома, нам хочацца большага, і гэта нармальна. Але ці задумваўся кожны з нас над тым, што канкрэтна ён робіць для паляпшэння ўласнага жыцця? Ці прыкладвае хоць якое намаганне, каб наш райцэнтр быў чыстым, утульным? Гэта цяпер, зімой, смецця не бачна, бо ўсё засыпана снегам. Але ўжо нават па тым, як ён расчышчаны ля дамоў гараджан, можна меркаваць пра акуратнасць іх гаспадароў. Лічу, у раёне шмат робіцца для паляпшэння ўмоў працы людзей: на льнозаводзе запрацавала новая лінія па перапрацоўцы льнотрасты, а ў перспектыве — устаноўка лініі катанізацыі; запланавана і мадэрнізацыя цэха ў «Паставымэблі», будуюцца новыя сучасныя фермы, дзе большасць працэсаў механізаваныя. Адным словам, раён рухаецца наперад».

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.