Углядаюся ў партрэтны здымак. На ім — юнак у чырвонаармейскай форме. Прыгожы, адкрыты твар, удумлівыя вочы.
Пад здымкам дзве даты: 16.01.1924—13.07.1944. Такое кароткае жыццё! Але яркае, і імя гэтага хлопца жыве многія дзесяцігоддзі. У тым ліку і на Пастаўшчыне, дзе ў ваенным шпіталі завяршыўся яго зямны шлях. А цяжкае раненне Васілій Кірычук атрымаў у 1944 годзе пры вызваленні Віцебшчыны.
Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і на Валыншчыне (Украіна). Спаўна зведаў усе жахі фашысцкай акупацыі. Пасля вызвалення родных мясцін у сакавіку 1944-га юнака прызвалі ў армію. Прайшоў падрыхтоўку ў 186-м армейскім запасным стралковым палку 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту і трапіў у 306-ю Рыбшаўскую Чырванасцяжную стралковую дывізію 1-га стралковага корпуса 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Службу пачаў у чэрвені 1944-га ў 7-й стралковай роце 938-га стралковага палка напярэдадні наступальнай аперацыі «Баграціён». Ішла інтэнсіўная баявая падрыхтоўка, створаныя ў кожным палку штурмавыя роты праходзілі баявое зладжванне па прарыве ўмацаванай варожай абароны.
23 чэрвеня 1944 года радавы Кірычук разам з баявымі сябрамі імклівай атакай вызвалілі Шуміліна і накіраваліся да Заходняй Дзвіны, каб замкнуць кола акружэння нямецкіх войскаў у Віцебску. Кожны метр даваўся вялікай крывёй. Марудзіць было нельга. Гэта дало б магчымасць ворагу замацавацца на другім беразе ракі. Група байцоў, у ліку якіх быў і Васілій Кірычук, пад ураганным агнём праціўніка першай пераадолела на плаўсродках раку і ўварвалася ў варожую траншэю. Завязаўся жорсткі бой. Ашаломленыя напорам нашых воінаў, немцы крыху адступілі, і гэтыя хвіліны далі магчымасць пераправіцца палку, але затым усімі сіламі абрынуліся на жменьку смельчакоў. Васілій Кірычук атрымаў цяжкае раненне і 13 ліпеня памёр у шпіталі, які размяшчаўся на тэрыторыі цяперашняга пятага гарадка ў Паставах.
Яго імем названа вуліца ў райцэнтры, а таксама піянерская дружына пастаўскай СШ №4 імя В. Ф. Франтова. Таму і сустрэча работнікаў раённага краязнаўчага музея, ветэранаў-ракетчыкаў і навучэнцаў адбылася менавіта ў гэтай навучальнай установе і прысвячалася 100-годдзю з дня нараджэння героя.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі, Васілій Кірычук пасмяротна ўдастоены высокага звання Герой Савецкага Саюза і ўзнагароджаны ордэнам Леніна.
Сімвалічна, што яна праходзіла ў абсталяваным у школе музеі 32-й Херсонскай Чырванасцяжнай ракетнай дывізіі, якая на працягу многіх гадоў дыслацыравалася ў нашым горадзе і стаяла на варце мірнага неба над Беларуссю. «Настоящее, которое помнит прошлое, достойно будущего» — сцвярджае лозунг у памяшканні. Старшакласнікі Насця Каравацкая і Захар Канаш расказалі пра подзвіг Васілія Кіручыка, Паліна Рогач і Аляксей Грынько — пра справы піянерскай дружыны, якая носіць яго імя. Ветэраны-ракетчыкі Уладзімір Скоўпень і Юрый Копасаў заклікалі школьнікаў прадаўжаць традыцыі старэйшага пакалення, захоўваць памяць пра герояў, якія вызвалялі краіну ад фашысцкага нашэсця. Журналіст тэлекаканала «Паставы ТБ» Наталля Семянас у свой час заканчвала СШ №4, і ўжо тады школьная піянерскай дружына насіла імя Васілія Кірычука. Наталля Францаўна расказала пра перапіску піянераў з роднымі героя, лінейкі памяці ля помніка загінулым воінам у райцэнтры. Акцэнтавала ўвагу на тым, як важна падрастаючаму пакаленню ведаць пра жахі, зведаныя падчас Вялікай Айчыннай вайны дзядамі і прадзедамі, пра тое, якой дарагой цаной здабыта Перамога над ворагам і як каштоўна, што над нашай краінай мірнае неба.
Несумненна, падрыхтаванае раённым краязнаўчым музеем і СШ №4 імя В. Ф. Франтова мерапрыемства паглыбіла веды школьнікаў пра героя, чыё імя носяць адна з вуліц райцэнтра і школьная піянерская дружына. А расказ пра яго на старонках газеты зацікавіць і жыхароў вуліцы.
Фаіна Касаткіна