Сёння ён аб’ядноўвае 11 прадстаўнікоў працоўнай моладзі з розных арганізацый і прадпрыемстваў і 11 школьнікаў з устаноў адукацыі Пастаўшчыны. У поўным складзе Маладзёжны парламент можна было ўбачыць на нядаўняй сесіі райсавета дэпутатаў, якая адбылася 27снежня. Пасля яе завяршэння карэспандэнт «ПК» папрасіла старшыню парламента Юлію Касцюк падзяліцца вынікамі яго работы за 2023 год.
— Мінулыя паўгода для нас былі насычанымі і актыўнымі, — гаварыла яна. — Усе сілы мы скіравалі на дасягненне задач, пастаўленых перад парламентам. Галоўныя з іх — адлюстроўваць інтарэсы маладых грамадзян Пастаўшчыны, па магчымасці ажыццяўляць іх ініцыятывы, увасабляць у жыццё сацыяльна значныя праекты, захоўваць аб’ектыўную гістарычную памяць.
Юлія Касцюк адзначыла, што асабліва плённым супрацоўніцтва Маладзёжнага парламента было з райкамам БРСМ. Разам удалося правесці шэраг акцый, накіраваных на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Таксама прадстаўнікі парламента пабывалі на Кургане Дружбы (ён знаходзіцца на мяжы Віцебшчыны і Пскоўшчыны), дзе ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Запомнілася і паездка ў Браслаў на міжраённы інтэлектуальны турнір — там не толькі цікава правялі час, але і пазнаёміліся з маладзёжнымі актывістамі суседніх рэгіёнаў.
Аднак галоўнае тое, што ў 2023-м моладзь удзельнічала ў сесіях райсавета дэпутатаў. А гэта і перайманне вопыту ў старэйшых, і магчымасць унікнуць у самыя актуальныя пытанні грамадства.
— Заключная ў 2023 годзе сесія дапамагла Маладзёжнаму парламенту вызначыцца з планамі на наступны год, — працягвала маладзёжны лідар. — Неаднойчы падкрэслівалася, што ў 2024-м Беларусь адзначыць 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама гэты год у нашай краіне аб’яўлены Годам якасці. Знакавая падзея адбудзецца і ў жыцці Пастаў — у рамках міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» Паставы адзначаць сваё 615-годдзе. Гэтыя тэмы і стануць асноўнымі ў мерапрыемствах, у якіх прыме ўдзел ці будзе ініцыяваць парламент.
Працоўны 2024-ы год для новаспечаных парламентарыяў ужо распачаўся: на мінулым тыдні яны сталі ўдзельнікамі маладзёжнага форуму, які ладзіўся на некалькіх пляцоўках. Выступіла на іх і сама Юлія Касцюк. Яна, настаўнік гісторыі і прыродазнаўства СШ №1, хутка ўключылася ў новую дзейнасць і паспяхова аб’ядноўвае вакол сябе маладых лідараў.
— Для мяне новыя абавязкі няпростыя, але вельмі цікавыя, — расказвала Юлія Касцюк. — Нават за кароткі час удалося пазнаёміцца з работай раённага Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта. Зразумела, з якімі складанасцямі можа сутыкацца мясцовая ўлада і што вырашэнне некаторых праблем не заўжды залежыць толькі ад яе. Разам з тым бачу, як многа робіцца для пастаўчан, якія ёсць перспектывы. Хочацца, каб з цягам часу Маладзёжны парламент усё актыўней трансліраваў пазіцыю моладзі, агучваў яе праблемы і пажаданні. Мы ў сваю чаргу для гэтага будзем рабіць усё ад нас залежнае.
Іна Стаднік