Заўтра ў рэспубліцы завяршаюцца дзве шырокамаштабныя навагоднія дабрачынныя акцыі — «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы», закліканыя дарыць душэўнае цяпло маленькім жыхарам краіны і прадстаўнікам старэйшага пакалення. Пра тое, як яны прайшлі на Пастаўшчыне, — у матэрыяле.
Праявілі незвычайную актыўнасць
Акцыя «Нашы дзеці» стартавала 15 снежня. Яна ладзіцца не адзін дзясятак гадоў, і на працягу ўсяго гэтага часу мэта застаецца нязменнай — дайсці да кожнага дзіцяці з віншаваннямі. Традыцыйна пераважная іх большасць адрасавана дзецям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Не застаюцца па-за ўвагай і хлопчыкі і дзяўчынкі, якія вызначыліся ў вучобе, спорце, грамадскім жыцці. Падчас акцыі праходзяць звычайныя і дабрачынныя ёлкі, прадстаўнікі розных арганізацый і ўстаноў наведваюць дзіцячы дом сямейнага тыпу, сацыяльны прытулак, выхаванцаў апякунскіх і прыёмных сем’яў, юныя жыхары раёна ездзяць на так званыя прэзідэнцкую і губернатарскую ёлкі ў Мінск і Віцебск. Усё гэта было і на стыку 2023 і 2024 гадоў.
Як мы ўжо расказвалі на старонках «ПК», у канцы снежня чацвёра маленькіх пастаўчан пабывалі на навагоднім прадстаўленні ў Палацы Незалежнасці ў сталіцы, дзе перад імі выступіў і павіншаваў з Новым годам кіраўнік дзяржавы. 30 дзяцей з раёна адправіліся на аналагічнае прадстаўленне ў абласны цэнтр. Там іх вітаў і ўручыў падарункі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Акрамя таго, 3 студзеня 15 нашым землякам, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, пашчасціла пабываць у Палацы Рэспублікі на дабрачыннай ёлцы для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі. Яны не толькі паглядзелі святочнае прадстаўленне, але і наведалі розныя інтэрактыўныя пляцоўкі, атрымалі салодкія падарункі.
Не першы год у рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» праходзіць раённая «Ёлачка жаданняў». Сёлета ў ёй прынялі ўдзел 44 арганізацыі і прадпрыемствы Пастаўшчыны. Іх прадстаўнікі наведалі выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу і дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях. Па традыцыі напярэдадні Новага года хлопчыкі і дзяўчынкі пісалі пісьмы Дзеду Марозу з просьбамі штосьці падарыць — ад цацак і спортінвентару да мабільных тэлефонаў. А каб добры чараўнік, у якога пераўвасабляліся ўдзельнікі акцыі, мог знайсці адпраўніка і не памыліўся, разам з пісьмом укладвалі ў канверт свой фотаздымак, указвалі імя і дамашні адрас. І кожны атрымаў тое, пра што марыў.
Акрамя ўдзелу ў «Ёлачцы жаданняў», многія арганізацыі і прадпрыемствы аказвалі сем’ям з дзецьмі і дзіцячым сацыяльным установам розную дапамогу. Напрыклад, прадстаўнікі кампаніі «АрмТэк» па ўласнай ініцыятыве ў касцюмах казачных герояў наведалі дзіцячы сацыяльны прытулак і дзіцячы дом сямейнага тыпу. Першаму падарылі музычную калонку, цацкі і саладосці выхаванцам, другому — сушыльную машыну, якая была вельмі неабходная сям’і, дзе выхоўваюцца 8 прыёмных і 2 уласных дзяцей. Беларускі дзіцячы фонд прывёз дзіцячаму дому Пасечнікаў прафесійны кухонны камбайн, а раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» — выцяжку для кухні. Варапаеўская дыстанцыя пуці, якая штогод удзельнічае ў акцыі «Нашы дзеці», пералічыла грошы самай вялікай у раёне прыёмнай сям’і Граблеўскіх з Вярэнек (у ёй падрастаюць 7 дзяцей). За іх прыёмная мама купіла інгалятар, каб дома лячыць прастудныя захворванні і ўмацоўваць здароўе дзетак.
Найбольш гасцей і падарункаў традыцыйна было ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры Пастаўскага раёна. На навагодніх ранішніках і з дабрачыннымі візітамі там пабывалі прадстаўнікі 25 арганізацый і прадпрыемстваў горада, а таксама РУП «Інстытут «Белжылпраект». Госці з Мінска прывезлі дзецям і ўстанове падарункаў на суму больш за тысячу рублёў.
— Я не думала, што існуе так шмат добрых людзей, гатовых адгукнуцца і дапамагчы дзецям, — гаварыла метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Танона. — Вялікі дзякуй кожнаму з іх! Гэта работнікі амаль усіх прадпрыемстваў Пастаўшчыны, банкаў, лячэбных устаноў, раённага аддзела ўнутраных спраў, Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы, усіх воінскіх часцей, грамадскіх аб’яднанняў, многіх прыватных арганізацый і фірм. Асобна хачу сказаць пра Пастаўскі лясгас, без якога свята было б немагчымае, бо ён штогод бясплатна забяспечвае ўстановы адукацыі раёна навагоднімі ёлкамі. Сёлета прывёз у школы, дзіцячыя сады і цэнтры 25 дрэўцаў, а таксама падрыхтаваў 121 падарунак для дзяцей — пераможцаў раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Актыўна ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях і райвыканкам. Ён традыцыйна дорыць салодкія падарункі дзецям-інвалідам, сіротам, непаўналетнім, якія засталіся без апекі бацькоў, і з маламаёмных сем’яў. Напрыклад, сёлета павіншаваў з Новым годам 265 хлопчыкаў і дзяўчынак. Штогод дасылае падарункі дзецям-сіротам і тым, хто застаўся без бацькоўскай апекі, Віцебскі аблвыканкам.
Ад пакалення – пакаленню
Не менш актыўна, чым «Нашы дзеці», прайшла ў раёне і рэспубліканская акцыя «Ад усёй душы», якая стартавала 26 снежня. Разам з работнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яе ўдзельнікамі сталі педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі. Яны наведалі адзінокіх пажылых, ветэранаў педагагічнай працы, малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Павіншавалі іх з Новым годам і Калядамі, уручылі сувеніры, дапамаглі з хатнімі справамі: камусьці расчысцілі двор ад снегу, камусьці нанеслі вады і дроў.
Так, навучэнцы, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах раённага цэнтра дзяцей і моладзі, у рамках праведзеных у ім акцый «Цуды на Раство», «Рукавічка» і «Тэрыторыя чараўніцтва» вырабілі падарункі, якія затым адвезлі насельнікам пастаўскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. У гэтым жа аддзяленні пабывалі з віншаваннямі таксама валанцёры руху «Добрае Сэрца» з гімназіі і выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба СШ №4 імя В. Ф. Франтова.
Лынтупскія школьнікі наведалі аналагічнае аддзяленне тэрытарыяльнага цэнтра ў сваім пасёлку. Навучэнцы Навадруцкай СШ — Парыжскую бальніцу сястрынскага догляду. Вучні першай гарадской школы прыехалі дамоў да адзінокіх пажылых. А курапольскія школьнікі запрасілі пенсіянераў — ветэранаў працы — у навучальную ўстанову на «Сардэчную размову».
Акрамя іншага, у раёне праводзіўся валанцёрскі праект паміж пакаленнямі «Будзь побач па перапісцы». У яго рамках школьнікі адпраўлялі віншавальныя паштоўкі сваім дзядулям, бабулям, проста знаёмым, якія ўжо на пенсіі і па волі лёсу засталіся адны. У гэты праект было ўцягнута каля 180 навучэнцаў.
Алена Шапавалава
Фота даслала Марына Танона