— Так, мама, сёння ў цябе юбілей! — з самага ранку 4 студзеня віншавала імянінніцу дачка Аня. — Прыедуць госці, таму будзем прыбірацца ў святочнае.
Ганна Іванова забрала маці да сябе, у Турлы, 10 гадоў назад. Да гэтага часу яна жыла ў Даравым. Там з мужам пабудавалі дом, там нарадзіліся іх дачка і сын. Ах, як даўно гэта было! Сёння ў Ванды Іосіфаўны ёсць не толькі трое ўнукаў, але і дзевяць праўнукаў — вось як шырока разгалінаваўся род!
Сама яна вырасла ў вясковай сям’і, у якой было два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Іх выхоўваў прыклад бацькоў і нялёгкая сялянская праца. Падрасталі маладыя гаспадары зямлі. Але ў 1941-м грымнула Вялікая Айчынная вайна. Адзін Вандзін брат пайшоў на фронт, трапіў у палон і і загінуў у канцэнтрацыйным лагеры, другі памёр ад цяжкай хваробы. Таму памочнікамі ў бацькоў засталіся толькі дочкі.
Сям’я зведала шмат гора ў акупацыі. Вельмі цяжкімі былі і першыя пасляваенныя гады. Але людзі радаваліся міру і не шкадавалі сіл, аднаўляючы жыццё.
Вандзе давялося папрацаваць на лесанарыхтоўках, у Дунілавіцкай млячарні, санітаркай на ФАПе, але найбольшы стаж яе работы — у калгасе. Пайшоўшы на пенсію, разам з мужам вяла ўласную гаспадарку.
Іх дзеці даўно выраслі, стварылі сем’і. Сын Іосіф скончыў Полацкае медвучылішча, служыў у воінскай часці ў Паставах. Зараз на пенсіі, жыве ў Полацку. Ганна набыла спецыяльнасць ветфельчара ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме, працавала ў ААТ «Кураполле-агра», на СВК «Андроны». Летась аўдавела. Але побач з ёй дома родная душа — маці. Сустракаючыся з доўгажыхарамі, рыхтуючы ў газету матэрыялы пра іх, я заўважыла такую заканамернасць: усе яны шчырыя, добразычлівыя, ураўнаважаныя, працавітыя. Не выключэнне і Ванда Іосіфаўна.
— Мама добрая, сумленная, гасцінная, — гаварыла Ганна. — Гэтаму вучыла і нас з братам, а потым і ўнукаў, дапамагала іх гадаваць. Была нястомнай працаўніцай. Нават у 98 гадоў яшчэ палола градкі. Пазалетась перахварэла на кавід, пасля чаго аслабела, прыкметна пагоршыліся ў яе памяць і слых.
Вось і віншаванні, з якімі да Ванды Іосіфаўны звярталіся ў юбілейны дзень супрацоўнікі ТЦСАН і старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько, яна, напэўна, не цалкам пачула, але вельмі расчулілася ад увагі. Да таго ж засталіся паштоўкі з кранальным тэкстам, якія можна чытаць і перачытваць, падарункі, кветкі, фотаздымкі. Святкаванне 100-гадовага юбілею прадоўжылася вечарам, калі да імянінніцы прыехалі ўнукі і праўнукі. Усе жадалі бабулі здароўя і яшчэ даўжэйшага веку. Няхай так і будзе!
Фаіна Касаткіна