«Часта ў дварах шматпавярховых дамоў, асабліва пабудаваных даўно, не хапае парковачных месцаў для аўтатранспарту жыхароў, якога з кожным годам становіцца ўсё больш. Пры гэтым нярэдка бывае так, што паркоўкі займаюць матацыклы, мапеды, а то і веласіпеды. Двухколавы транспарт пакідаюць у тым ліку каля пад’ездаў, тым самым перашкаджаючы пад’ехаць да іх. Ці можа ўладальнік машыны, якому няма дзе прыпаркавацца, перасунуць чужы матацыкл ці мапед?»
Са званка ў рэдакцыю
На пытанне адказвае начальнік аддзялення ДАІ РАУС Аляксандр Арэхаў:
— Згодна з законам, карыстацца і распараджацца маёмасцю могуць толькі яе ўласнік і іншыя законныя ўладальнікі. За выключэннем тых выпадкаў, калі заканадаўствам прадугледжана прымусовая адбуксіроўка транспартнага сродку, якая ўскладаецца на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Калі матацыкл (мапед, веласіпед і інш.) стаіць на парковачным месцы і не парушае правілаў прыпынку і стаянкі — у прыватнасці, не займае месца для транспарту інвалідаў, — ніхто не мае права яго чапаць. Калі ж яны прыпаркаваныя каля пад’езда дома з парушэннем правілаў дарожнага руху і вадзіцель не можа праехаць, неабходна выклікаць супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, якія знойдуць уладальніка транспартнага сродку, прыбяруць яго і вызваляць праезд.
Падрыхтавала Алена Шапавалава