Згодна з праваслаўным календаром, 25 студзеня ўсе вернікі ўшаноўваюць памяць Святой пакутніцы Таццяны Рымскай. Таксама гэта дата з’яўляецца днём анёла для ўсіх дзяўчат і жанчын, якія з гонарам нясуць прыгожае імя Таццяна. Таму невыпадкова дадзенае свята атрымала адпаведную назву — Таццянін дзень.
Ёсць два варыянты паходжання імя Таццяна: са старажытнагрэчаскай мовы tatto— “заснавальніца”, “уладкавальніца” ці ад старажытнарымскага імя цара Тація Tatius, што азначае міратворца. На маю думку, імя, безумоўна, уплывае на яго носьбітаў. А што наконт гэтага думаюць самі Таццяны? Гэтым вырашыла пацікавіцца ў святочны для іх дзень.
Таццяна Насевіч: “Раней прытрымліваліся царкоўнага календара і давалі дзецям адпаведныя імёны. Я ж нарадзілася праз месяц пасля Дня Святой пакутніцы Таццяны. Акрамя таго, гэта імя вельмі падабалася маёй бабулі. Маё імя азначае «заснавальніца, уладкавальніца». І я з гэтым цалкам згодная, бо мне заўсёды вельмі падабалася штосьці арганізоўваць. А апошнім часам выступаю на мерапрыемствах у якасці вядучай. Лічу, імя, безумоўна, уплывае на чалавека і падтрымліваю меркаванне, што дрэнных людзей Таццянамі не назавуць. Адна “бяда” ў нас: мы ўсё добрае і дрэннае заўсёды прапускаем праз сябе, чужыя праблемы — гэта нашы праблемы.
Для мяне Таццянін дзень— свята на ўзроўні дня нараджэння. Чакаю яго з нецярпеннем і заўсёды адзначаю з сябрамі і сям’ёй. Тым больш гэта дзень святой апякункі. А паколькі я працую настаўнікам, то заўсёды віншую сваіх былых вучняў, цяперашніх студэнтаў са святам, бо гэта яшчэ і Дзень студэнта.
Таццяна Зубовіч: “Маёй маме вельмі падабалася імя Таццяна, менавіта таму яна мяне так назвала. Наколькі ведаю, імя адлюстроўвае характар чалавека— яго носьбіта. Мяркую, што Таццянін дзень — свята маладосці і студэнцтва. Акрамя таго, заўсёды прыемна атрымліваць віншаванні!”
Таццяна Арэх: “Мая мама прысвяціла сваё жыццё вывучэнню рускай мовы і літаратуры. Ведаю, што яе вельмі ўразіў раман у вершах «Яўгеній Анегін» Пушкіна. Я, канешне, не ведаю дакладна, але мяркую, што маці захапілася адной з гераінь кнігі— Таццянай Ларынай, таму і дала мне такое прыгожае імя.
Для мяне Таццянін дзень — гэта свята, якое дае дадатковы раз сустрэцца з сябрамі і атрымаць прыемныя віншаванні”.
Таццяна Пятроўская: “Таццянай мяне назваў тата. Яго першым каханнем была дзяўчына Таццяна, але ажаніцца з ёй не было наканавана.
Таццяны заўсёды ранімыя, упартыя, мэтанакіраваныя, самастойныя, а ў сям’і— клапатлівыя і ахвярныя. Для мяне Таццянін дзень— у першую чаргу праваслаўнае свята, а таксама дзень майго анёла-ахоўніка. У гэты дзень імкнуся адпачываць, ахвотна прымаю віншаванні, бо гэта так прыемна!”
Таццяна Вісоцкас: “У маёй сям’і дзве дзяўчынкі і хлопчык. Сястрычцы дала імя мая мама, мне — тата, брата ж назвалі разам. Таццяна мае ўладны характар, прамалінейная і настойлівая. І гэта праўда.
На мой погляд, імя не зусім ўплывае на характар чалавека, аднак і цалкам адмаўляць гэта меркаванне не буду. Для мяне Таццянін дзень —асаблівы, выдатная магчымасць для выказвання віншаванняў і пажаданняў.
У Таццянін дзень хочацца павіншаваць усіх дзяўчат і жанчын, якія з гонарам нясуць старажытнае імя Таццяна, і пажадаць ім, каб усе іх мары абавязкова здзяйсняліся!”
Караліна Вялічка