Каляды і Новы год — самыя чароўныя святы. Іх чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Весела бывае ў вялікіх сем’ях, дзе ўсе разам гатуюць стравы на стол, рыхтуюць падарункі. А калі чалавек адзінокі і пажылы? Ім святочны настрой ствараюць удзельнікі акцыі «Ад усёй душы», якая ў другі раз праходзіць у Беларусі па ініцыятыве Прэзідэнта краіны.
— Афіцыйна акцыя стартавала 3 студзеня, — расказвала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. — Я, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, дырэктар ТЦСАН Марыя Курто і яе намеснік Вольга Антух прысутнічалі на афіцыйным адкрыцці маштабнага марафону ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. А падрыхтоўчы этап акцыі пачаўся яшчэ напярэдадні каталіцкіх Каляд. У гэты час мы аказвалі дапамогу пажылым людзям. У перадсвяточныя дні сацыяльныя работнікі не толькі дасканала прыбіралі дамы сваіх падапечных, але і ўпрыгожвалі ёлкі, прыносілі падарункі, набывалі прадукты на навагодні стол.
Лідзіі Брэскай з Белек ужо за 90. Хоць яна і праваслаўная, ёлку вырашыла ўстанавіць у пакоі яшчэ да Новага года. Дапамагла ёй гэта зрабіць сацыяльны работнік Наталля Буйко.
— Лідзію Анатольеўну абслугоўваю больш за 15 гадоў, — расказвала Наталля. — Праўда, з невялікім перапынкам — была ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Але тым часам мяне замяняла мая мама, таму я была ў курсе ўсіх спраў маёй падапечнай. Анатольеўна — вялікая аптымістка. Вельмі любіць раённую газету. Чытае яе без акуляраў. Бывае, просіць мяне пачытаць ёй. Потым разам абмяркоўваем артыкулы. Я жыву ў Гуце. Да падапечнай наведваюся два разы на тыдзень.
Яніна Брэская 36 гадоў адпрацавала на Варапаеўскім дрэваапрацоўчым камбінаце. Каля двух гадоў назад аўдавела. Адзіны сын — дальнабойшчык, і часта бываць у маці яму не выпадае. Упраўляцца па доме Яніне Іванаўне дапамагае сацыяльны работнік Алена Цярлюк. Да каталіцкіх Каляд разам упрыгожылі ёлку. Па заказе падапечнай Алена накупляла розных прысмакаў, бо на Божае Нараджэнне жанчына чакала ў госці сына і ўнука, які вучыцца ў Полацкім дзяржаўным лясным каледжы.
— Святы працягваюцца, — гаварыла Наталля Седзюкевіч. — І ніхто з пажылых не застанецца без увагі. Прадстаўнікі ўлады, работнікі культуры, валанцёры, школьнікі, члены БРСМ наведваюць аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, доўгажыхароў. Для іх арганізуюць канцэрты, круглыя сталы, тэатралізаваныя прадстаўленні, чаяванні.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Іна Вырвіч