ААТ «Пастаўскі малочны завод», на базе якога створана аграпрамысловае аб’яднанне, у адказе за ход сельгасработ у пяці гаспадарках раёна. Гатоўнасць тэхнікі — адзін са складальнікаў будучага ўраджаю, таму на парадку дня — яе рамонт.
— На дварэ — сярэдзіна зімы, і, здавалася б, пасяўная кампанія яшчэ далёка, — гаварыў першы намеснік дырэктара завода Канстанцін Гайлеўскі. — Але час бяжыць хутка: азірнуцца не паспееш, як тэхніку трэба будзе выводзіць на палеткі. Як толькі завяршыліся асеннія палявыя работы, механізатары яе ачысцілі і агледзелі, вызначылі, якія вузлы і дэталі патрабуюць замены. Былі складзены дэфектныя ведамасці і закуплены запчасткі. Большасць рамонтных работ выконваюць самі механізатары. Усе яны вопытныя, добра ведаюць устройства тэхнікі. Калі трактар або камбайн у якой-небудзь гаспадарцы аграпрамысловага аб’яднання спісваецца з-за немагчымасці рамонту, тады завод забірае яго і разбірае на запчасткі.
У мехмайстэрнях завода найперш распачалі рамонт машын і агрэгатаў, якія будуць задзейнічаны вясной на падрыхтоўцы глебы, сяўбе. Згодна з графікам, вызначаным райвыканкамам, глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка павінна быць на лінейцы гатоўнасці да 24 сакавіка. Малочны завод ужо даўно адрамантаваў тры 10-корпусныя плугі, два 9-корпусныя, чатыры 4-корпусныя, бароны, культыватары, 7-метровыя дыскі. Яшчэ двое дыскаў будуць адрамантаваны ў найбліжэйшы час. Вядзецца рамонт пасяўных агрэгатаў.
— У мінулым годзе на рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі прадпрыемства затраціла паўтара мільёна рублёў, — расказваў Канстанцін Гайлеўскі. — Многім трактарам і агрэгатам тады далі другое жыццё. Механізатары эксплуатавалі тэхніку беражліва, і сёлета на рамонт трактароў пайшло ўсяго 150 тысяч рублёў. Мянялі ў асноўным цыліндры, падвескі, тармазныя калодкі, наканечнікі, рызіну. На 355 тысяч рублёў закупілі запчастак да сельскагаспадарчых агрэгатаў.
Паралельна з рамонтам тэхнікі, прызначанай для вясенне-палявых работ, механізатары ўзяліся за тую, што будзе выкарыстоўвацца для нарыхтоўкі кармоў: касілкі, граблі, прэс-падборшчыкі. 150 тысяч рублёў выдзелена на закупку запчастак для рамонту «Ягуара» і КВК. Цяпер праводзіцца тэндар. У адпаведнасці з графікам, корманарыхтоўчая тэхніка павінна быць адрамантавана да 8 мая.
— Акрамя механізатараў, у штаце атрада па рамонце тэхнікі кваліфікаваныя слесары, зваршчыкі, токары, — працягваў Канстанцін Гайлеўскі. — Яны займаюцца рэстаўрацыяй дэталяў і вузлоў, дапамагаюць замяніць няспраўныя. Такіх майстроў, як наш зваршчык Роберт Вашкевіч і токар Мікалай Шмялёў, хацелі б мець на кожным прадпрыемстве. Асаблівая ўвага надаецца якасці рамонту, бо гэта гарантыя паспяховага выканання тэхналагічных аперацый падчас палявых работ. У выпадку прастою тэхнікі з-за паломкі марнуецца час і грошы.
Ішла па тэрыторыі мехмайстэрняў і любавалася, як на фоне белага снегу ў поўнай гатоўнасці выстраіліся ў рад трактары, на спецыяльных падстаўках — глебаапрацоўчыя агрэгаты. Механізатары малочнага завода да вясны гатовыя.
Анна Анішкевіч