Мы аднавілі цэлую вёсачку — так гаворыць выконваючы абавязкі старшыні Юнькаўскага сельвыканкама Юрый Кісялёў. І мае на ўвазе тое, што толькі за два апошнія гады на тэрыторыі сельсавета новым уласнікам прададзена 14 дамоў.
На жаль, вёсачкі пусцеюць і ў іх нямала дамоў застаецца без гаспадароў: адны адыходзяць у вечнасць, другія мяняюць месца прапіскі. А жыллё і зямля ля яго застаюцца. І вельмі крыўдна, калі безгаспадарныя пабудовы прыходзяць у заняпад, а некалі ўрадлівыя землі зарастаюць пустазеллем. На тое, каб такога не здаралася, накіраваны Указ Прэзідэнта Беларусі №116 ад 24 сакавіка 2021 года «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з дамамі, якія пустуюць». За перыяд дзеяння дакумента на тэрыторыі Юнькаўскага сельсавета ў судовым парадку прызнаны безгаспадарнымі 24 дамы (з іх 16 — у мінулым годзе), 15 такіх дамоў пахаваны, 14 — прададзены. У 2023-м уведзена ў эксплуатацыю 6 жылых дамоў.
— Праводзім вялікую работу па пошуку ўласнікаў жылля або асоб, якія маюць права валодання ім, — расказваў дэпутат раённага Савета, в.а. старшыні Юнькаўскага сельскага Савета Юрый Кісялёў. — Тлумачым ім нормы заканадаўства ў частцы выкарыстання дома, яго продажу або зносу. Безгаспадарнае жыллё зносім або прадаём, большасць — за адну базавую велічыню. Вось і ў гэтым месяцы плануем прадаць два дамы.
Знаходзяцца ахвотныя і набыць зямлю. З дапамогай дэпутата Юнькаўскага сельскага Савета Алены Іваньковай летась у сельскім Савеце падрыхтавалі для продажу 10 зямельных участкаў у вёсцы Вялікія Споры. 6 з іх прададзены з аўкцыёнаў, у раённы бюджэт паступіла больш за 100 тысяч рублёў. Пэўная сума з выручанага была выдзелена сельвыканкаму на набыццё 14 кантэйнераў для смецця, рамонт вуліц у Кашыцах і Юньках, іншыя патрэбы.
— Добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў — адна з першачарговых задач мясцовай улады, — гаварыў Юрый Кісялёў. — У гэтай рабоце сельскі Савет абапіраецца на старэйшын вёсак, дэпутатаў і проста нераўнадушных людзей. Асаблівую ўвагу звяртаем на ўтрыманне воінскіх пахаванняў і месцаў воінскай славы, грамадзянскіх могілак, абкошванне тэрыторый, рамонт дарог. Удзячны кожнаму жыхару сельсавета, хто ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні не толькі ўласнага падвор’я, але і грамадскіх месцаў. Разам нам многае па сілах.
Фаіна Касаткіна