Бягучы год надзвычай важны ў палітычным жыцці Беларусі: у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі ў нашай краіне ўпершыню пройдзе адзіны дзень галасавання. 25 лютага мы будзем выбіраць дэпутатаў адразу ўсіх узроўняў заканадаўчай улады — ад сельскіх Саветаў да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень аддадзім галасы за тых, каго палічым самымі годнымі прадстаўляць нашы інтарэсы ў Саветах.
А што паспелі зрабіць дэпутаты цяперашняга склікання, наколькі адказна яны адносяцца да выканання сваіх грамадскіх абавязкаў? Пра гэта па просьбе карэспандэнта «ПК» расказвае старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская:
— На тэрыторыі сельсавета размешчаны 53 населеныя пункты, пражывае 3 670 чалавек. Вырашаць праблемы жыхароў гарпасёлка і вёсак нам дапамагаюць старэйшыны і дэпутаты. Дэпутатаў сельскага Савета ў нас 15. Гэта людзі рознага ўзросту і прафесій. Ва ўсіх хапае клопатаў на непасрэднай рабоце, але яны ўнікаюць і ва ўсё тое, што адбываецца ў іх акрузе і ў цэлым на тэрыторыі сельсавета. Нашых дэпутатаў хвалююць пытанні добраўпарадкавання, забеспячэння супрацьпажарнай бяспекі, стан дарог, узровень медыцынскага абслугоўвання і многае іншае.
Дэпутаты Варапаеўскага сельскага Савета дэпутатаў 28-га склікання не засталіся ў баку ад важнейшых падзей самых розных кірункаў, якія адбываліся на тэрыторыі сельсавета і краіны. Дэпутаты — актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў патрыятычнага напрамку, прымалі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, святах вёсак і вуліц, садзілі дрэвы ў гарадскім пасёлку Варапаева, з’яўляліся арганізатарамі і ўдзельнікамі суботнікаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, паркаў, месцаў адпачынку, грамадзянскіх могілак, воінскіх пахаванняў. Кожны з дэпутатаў унёс пэўны ўклад у паляпшэнне якасці жыцця сваіх выбаршчыкаў. А ў гэтай справе не бывае дробязей.
Напрыклад, урач Уладзімір Бяззубенка клапоціцца не толькі пра здароўе варапаеўцаў, але і пра тое, каб у пасёлку не было праблем з вулічным электраасвятленнем, своечасова ачышчаліся ад снегу дарогі, быў бяспечным рух транспарту на іх. Прывяду такі прыклад. Новыя гаспадары дома, размешчанага на павароце вуліцы, надумалі паставіць ля яго глухую высокую агароджу. «Такая агароджа стане для вадзіцеляў транспарту перашкодай пры аглядзе дарогі і можа стварыць аварыйную сітуацыю», — справядліва заключыў дэпутат. Гаспадары прыслухаліся да заўвагі і абгарадзілі дом сеткай-рабіцай. Яшчэ на адным павароце дарогі занадта разрасліся дэкаратыўныя кустарнікі. Па ініцыятыве дэпутата іх абрэзалі.
Яшчэ адзін дэпутат-медык Ірына Васьковіч, якае загадвае Гуцкім і Белькаўскім ФАПамі, кожны дзень мае непасрэдныя зносіны з вяскоўцамі і, безумоўна, ведае іх патрэбы. Як толькі ўзнікае якая-небудзь праблема, адразу ж паведамляе ў сельскі Савет, каб вырашыць пытанне. Пры неабходнасці звяртаецца па дапамогу ў адпаведныя раённыя службы.
Дзе, як не ў Доме культуры, збіраецца найбольш людзей? Яго загадчыца Юлія Галяш клапоціцца як пра арганізацыю змястоўнага адпачынку пасялкоўцаў, так і пра вырашэнне іх бытавых пытанняў, сямейных праблем. І людзі звяртаюцца: «Вы — дэпутат. Дапамажыце!»
Дэпутат Наталля Седзюкевіч спрыяла адкрыццю ў пасёлку аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. Дзякуючы гэтаму былі створаны новыя працоўныя месцы, адрамантаваны незадзейнічаны будынак, добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. Калектыў установы паказвае добрыя вынікі работы, спрыяе згуртаванню і занятасці людзей пажылога ўзросту і рэалізацыі іх захапленняў. Дарэчы, у дадзенай установе паспяхова працуе дэпутат Алена Турчыновіч, якая актыўна вывучае запыты жыхароў.
Дырэктар Варапаеўскай сярэдняй школы Віктар Жук, загадчыца Варапаеўскага дзіцячага сада Людміла Талстыка не толькі займаюцца выхаваннем падрастаючага пакалення, умела накіроўваюць работу сваіх педкалектываў, але і маюць цесную сувязь з бацькамі навучэнцаў і выхаванцаў, клапоцяцца пра здаровы лад жыцця сем’яў і фарміраванне іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі, самі прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці пасёлка.
Найвышэйшай пахвалы заслугоўвае ляснічы Полаўскага лясніцтва, дэпутат Аляксандр Дзіковіч. З яго дапамогай сельвыканкам вырашае многія пытанні. Заўсёды ва ўзорным стане ўтрымліваецца тэрыторыя лясніцтва, своечасова выконваюцца заяўкі па забеспячэнні насельніцтва дрывамі. Аляксандр Дзіковіч таксама клапоціцца пра добраўпарадкаванне помніка загінулым землякам у вёсцы Полава, царквы ў Рымках, могілак у Пятровічах, Полаве, Барэйках.
Пералік прозвішчаў дэпутатаў сельскага Савета і добрых спраў, якія яны ажыццяўляюць, можна працягваць. Але я хачу сказаць яшчэ пра адно. Нават калі тое ці іншае пытанне з-за аб’ектыўных прычын немагчыма вырашыць, важна выслухаць чалавека, падтрымаць, правільна расставіць акцэнты.
Запісала Фаіна Касаткіна