З нагоды юбілею ўтварэння органаў па працы і сацыяльнай абароне ў раённым Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства. На яго сабраліся работнікі сацыяльнай службы, ветэраны працы, ганаровыя госці, сярод якіх намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург.
Своечасовае назначэнне пенсій, працаўладкаванне незанятага насельніцтва, бяспечная праца работнікаў, клопат пра састарэлых людзей, адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў, аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльных паслуг, падтрымка сем’яў — вось асноўныя кірункі дзейнасці сацыяльнай службы. У нашым раёне яна складаецца з чатырох падраздзяленняў: упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама; фонд сацыяльнай абароны насельніцтва; Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў і Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
На ўліку ў ТЦСАН знаходзяцца 12 тысяч катэгараваных грамадзян, больш за 2 тысячы карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі. Найбольш запатрабаваная з іх — сацыяльнае абслугоўванне людзей дома. Сацыяльныя работнікі аказваюць дапамогу самым неабароненым катэгорыям насельніцтва, а гэта старыя, інваліды. Да іх яны спяшаюцца ў любое надвор’е, прыносяць прадукты, лякарствы, ахінаюць клопатам і ўвагай, падтрымліваюць. Нярэдка з’яўляюцца адзінай апорай, замяняючы ім родных і блізкіх.
Карыстаюцца попытам паслугі па доглядзе хворых (нянькі, сядзелкі, персанальнага асістэнта, дапамога па суправаджэнні). Аднавіць здольнасці да самаабслугоўвання, падрыхтавацца да самастойнага жыцця дапамагаюць інвалідам у пастаўскім аддзяленні рэабілітацыі, абілітацыі ТЦСАН. Тых, хто з розных прычын не можа жыць дома (а такіх у раёне 60 чалавек), даглядаюць работнікі пастаўскага і лынтупскага аддзяленняў кругласутачнага знаходжання.
У аддзяленнях дзённага знаходжання, якія працуюць у райцэнтры, Лынтупах і Варапаеве, шмат робяць па арганізацыі вольнага часу пажылых, падтрыманні актыўнага ладу жыцця, дапамагаюць пазбавіцца пачуцця адзіноты. Тут ладзяцца розныя культурна-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, конкурсы, выставы.
Больш за 200 чалавек, прызнаных недзеяздольнымі з-за псіхічных адхіленняў, якіх няма каму даглядаць, жывуць у камфортных умовах у Дунілавіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Пастаяльцы ўстановы займаюцца мастацкай самадзейнасцю, наведваюць розныя гурткі, па магчымасці працуюць на падсобнай гаспадарцы і адчуваюць сябе абароненымі.
— Прынцып работы сацыяльнай службы — паляпшаць якасць жыцця людзей, якіх мы абслугоўваем, — гаварыла дырэктар ТЦСАН Марыя Курто. — Сёлетні год аб’яўлены ў краіне Годам якасці. І мы будзем старацца забяспечваць грамадзянам даступнасць паслуг, павышаць іх эфектыўнасць, прадаўжаць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, паляпшаць камфорт пражывання і адпачынку падапечных, развіваць нестандартныя формы сацыяльнага абслугоўвання, укараняць сучасныя тэхналогіі. У планах — адкрыццё стацыянарных сацыяльных пунктаў у аграгарадках Навасёлкі і Камаі. Удзячная свайму калектыву за мэтанакіраваную, плённую работу і разлічваю на новыя сумесныя поспехі.
Творчае віншаванне для работнікаў сацыяльнай службы падрыхтавалі салісты Нацыянальнага Акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга, лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў Руслан Мусвідас і Аляксандр Салаўёў.
Анна Анішкевіч