Мне не раз даводзілася назіраць, як гэты спецыяліст падчас абласных і раённых семінараў па жывёлагадоўлі, што праводзіліся на базе ферм Пастаўшчыны, дэманстраваў у рабоце сучаснае дыягнастычнае абсталяванне, расказваў пра выяўленне таго ці іншага захворвання ў кароў і цялят, метады яго лячэння і прафілактыкі. Чула, як высока ацэньвалі яго веды і вопыт калегі з іншых раёнаў. Многія падыходзілі і прасілі нумар тэлефона, каб у экстранным выпадку можна было з ім пракансультавацца.
А нядаўна рэдакцыя атрымала пісьмо ад пастаўчанкі Глафіры Журомскай. Жанчына расказвала пра выратаванне Дзянісам хатняга любімца — ката Дызеля. Гэты допіс падштурхнуў мяне паехаць да доктара Айбаліта ў райветстанцыю.
У чарзе на прыём — некалькі чалавек з катамі розных парод. Ветурач заняты: праводзіць аперацыю, таму прыходзіцца пачакаць. І вось кабінет ветэрынара на руках у гаспадара пакідае прааперыраваны сфінкс, а Дзяніс запрашае чарговага пацыента. Заходжу разам і дзіўлюся, што кот не баіцца доктара. А той ласкава гладзіць яго, распытвае ў гаспадыні, што непакоіць яе гадаванца.
— Зразумець, што жывёліна хворая, можна толькі па яе знешнім выглядзе, — кажа спецыяліст. — Яна ж не чалавек — не раскажа. Мая задача — дакладна паставіць дыягназ і назначыць адпаведнае лячэнне. У жывёл, як і ў людзей, усё індывідуальна. Адным лякарства дапамагае адразу, іншаму даводзіцца мяняць прэпарат. Заўсёды радасна, калі чатырохногі пацыент папраўляецца. Нярэдка прыходзіцца рабіць кастрацыю і стэрылізацыю, аперыраваць пры выяўленні анкалагічнага захворвання, вывіхах, пераломах канечнасцей.
Стаць ветурачом Дзяніс марыў з дзяцінства, бо вельмі любіў хатнюю жывёлу, якую трымалі бабуля з дзядулем. Таму і паступіў у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Вучыцца падабалася, навука давалася лёгка. Кожны дзень быў насычаным. У акадэміі сустрэў сваё каханне. Жонка родам з Рэчыцы. Маладыя спецыялісты па размеркаванні трапілі ў Хойніцкі раён.
— Але мяне цягнула на радзіму, — расказваў Дзяніс. — Таму перабраліся да маіх бацькоў у Паставы. Пяць гадоў я адпрацаваў ветурачом у ААТ «Ярэва-агра», завочна скончыў Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт. З 2017 года працую ў райветстанцыі.
Зона абслугоўвання ў спецыялістаў райветстанцыі вялікая. Дзяніс Саўчук разам з калегамі выязджае на дапамогу ветэрынарам гаспадарак раёна. Праводзіць там агляды кароў і цялят, даследуе прычыны захворвання, робіць дыягностыку, праводзіць лячэнне. Кожны дзень доктара Айбаліта напоўнены клопатамі. Нелюбімая частка абавязкаў — папяровыя «працэдуры». На афармленне дакументаў часам траціцца больш часу, чым на непасрэдную работу.
Ветурач уважліва аглядаў коціку вушы, зубы, жывоцік, слухаў, як б’ецца сэрца. А я падумала: чым не ўрач агульнай практыкі — і афтальмолаг, і лор, і хірург, і тэрапеўт.
Анна Анішкевіч