Традыцыйна ў апошнюю нядзелю студзеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускай навукі, які з’яўляецца прафесійным святам для ўсіх вучоных, дзеячаў навукі і супрацоўнікаў навукова-даследчых інстытутаў. Гэта свята, якому звычайна папярэднічае шэраг мерапрыемстваў у рамках тэматычнага тыдня, прысвечана ўкладу навукі ў развіццё Беларусі. Дзякуючы навуковай дзейнасці беларускія вучоныя дабіліся значных поспехаў у розных галінах, такіх як тэхніка і тэхналогіі, медыцына і фармацэўтыка, энергетыка і экалогія, сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць, адукацыя і культура. Вынікі іх работы адказваюць высокім сусветным патрабаванням і актыўна прымяняюцца ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы краіны. Айчынныя навукоўцы ўносяць значны ўклад у вырашэнне задач інавацыйнага развіцця дзяржавы.
Прыемна, што сярод тых, хто рухае Беларусь наперад, ёсць нямала ўраджэнцаў пастаўскага краю і асоб, звязаных з ім сваім лёсам. Яны здзяйсняюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў матэматыцы, фізіцы, гісторыі, этнаграфіі, астраноміі, біялогіі і біятэхналогіі, медыцыне, юрыспрудэнцыі, літаратуры і мовазнаўстве. У мінулым такімі «рухавікамі» былі вядомыя гістарычныя постаці: Эльжбета Пузына, якая ў XVIII стагоддзі ў сваім маёнтку ў Лучаі арганізавала астраназіранні і заснавала ў Вільні астранамічную абсерваторыю; Канстанцін Тызенгаўз — даследчык, заснавальнік беларускай арніталогіі, член навуковых таварыстваў і супольнасцей у Парыжы, Варшаве, Рызе, Берліне і Дрэздэне, аўтар шэрага навуковых прац; Барыс Кіт — доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, адзін з распрацоўшчыкаў праекта падарожжа чалавека на Марс «Apollo».
Ганарыцца Пастаўшчына і сучаснікамі — выдатнымі навукоўцамі і практыкамі, вопытнымі кіраўнікамі дзяржаўных устаноў і арганізацый. Наша зямля нарадзіла і дала жыццёвы старт 4 членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 10 дактарам і двум дзясяткам кандыдатаў навук! Сярод іх дактары навук, прафесары: былы дырэктар Навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава і Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі Іосіф Залуцкі, колішні рэктар Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, заснавальнік зоаінжынерыі ў нашай краіне Мікалай Казаравец, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні Зянон Лоўкіс, начальнік аддзела Інстытута біяхіміі і біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі Андрэй Майсяёнак, кандыдат філалагічных навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў і многія-многія іншыя. Кожны з іх мае багатую навуковую спадчыну, выгадаваў годную змену маладых вучоных. Напрыклад, заслужаны дзеяч навукі Зянон Лоўкіс падрыхтаваў 30 кандыдатаў і дактароў навук, напісаў 23 кнігі і падручнікі і апублікаваў больш за 550 навуковых прац. Таксама ён з’яўляецца аўтарам 112 патэнтаў і пасведчанняў.
Нямала нашых землякоў жыве і працуе за межамі Беларусі. Гэта даследчыкі і навукоўцы, прафесары Варшаўскага ўніверсітэта Юрый Гарбінскі і Іосіф Зямчонак, доктар медыцынскіх навук, актыўны дзеяч беларусаў Канады і Паўночнай Амерыкі Пётр Мурзёнак, заслужаны выпрабавальнік касмічнай тэхнікі касмадрома Байканур Уладзімір Ясюкевіч. Выхадцамі з Пастаўшчыны з’яўляюцца і вядомыя дзяржаўныя дзеячы нашай краіны: былыя міністры замежных спраў і сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Міхаіл Хвастоў і Іван Шакола. Многія з іх памяталі і памятаюць сваю малую радзіму, па магчымасці наведваюцца на яе.
Алена Шапавалава