Ён абвешчаны ў 2005 годзе рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН. Дата выбрана невыпадкова: менавіта 27 студзеня 1945 года савецкія войскі першым вызвалілі самы вялікі гітлераўскі канцлагер Асвенцім, у якім было знішчана 1,3 мільёна чалавек.
Халакост — гэта наўмыснае і сістэматычнае праследаванне і знішчэнне ў гады Другой сусветнай вайны нямецкімі нацыстамі і калабарацыяністамі з іншых краін яўрэяў, цыганоў, славян, людзей з разумовымі і фізічнымі адхіленнямі. З гэтай мэтай у Трэцім рэйху была распрацавана спецыяльная сістэма, часткай якой сталі створаныя ў Германіі і на акупіраваных ёй тэрыторыях лагеры смерці. У іх праводзіліся жорсткія антыгуманныя медыцынскія эксперыменты, пастаянна ўдасканальвалася тэхналогія знішчэння людзей.
Ахвярамі Халакосту сталі каля 6 мільёнаў яўрэяў. Толькі на тэрыторыі Беларусі іх знішчана каля 800 тысяч.
У лагерах смерці загінулі мільёны савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян, прадстаўнікоў еўрапейскіх народаў.
— Не абмінулі трагічныя падзеі і Пастаўшчыну, якая знаходзілася пад акупацыяй з 2 ліпеня 1941 года па 5 ліпеня 1944-га. На тэрыторыі раёна ёсць 17 пахаванняў ахвяр фашызму, у тым ліку 4 — яўрэяў, — расказваў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Кузняцоў. — Ахвярамі Халакосту ў Паставах і найбліжэйшых да горада вёсках стала ад 2 500 да 4 000 яўрэяў. Розныя крыніцы прыводзяць розныя лічбы. Дакладную не ўдалося ўстанавіць, бо акупанты не вялі ўліку ахвяр, а да 1944 года ўвогуле сталі знішчаць сляды сваіх зверстваў. Няшмат вядома і пра гета ў Лынтупах, дзе 22 снежня 1942 года гітлераўцы і іх прыслужнікі расстралялі каля 100 чалавек.
А вось што гаворыцца ў акце Дунілавіцкай раённай камісіі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў пра знішчэнне вязняў дунілавіцкага гета, копія якога захоўваецца ў раённым краязнаўчым музеі:
У пачатку 1942 года немцамі было створана гета ў Дунілавічах, у якім знаходзіліся 903 яўрэі. З іх здзекаваліся, давалі на дзень 150 грамаў мукі. Людзі апухалі з голаду. Ладзілі купанні яўрэяў у халоднай вадзе. Так, у снежні 1941 года ўсё яўрэйскае насельніцтва Дунілавіч павінна было з’явіцца да будынка жандармерыі. Там людзей акружылі паліцаі і пагналі на бераг ракі Заражанкі, дзе прымушалі па шыю пагружацца ў ваду, а на бераг паўзці на жываце. Тых, хто адмаўляўся ад такога здзеку, збівалі прыкладамі. Яўрэі павінны былі насіць на грудзях і спіне жоўтую пяціканцовую зорку. За яе адсутнасць — смерць. За выхад за тэрыторыю гета — смерць. У лістападзе 1942 года пачаўся масавы расстрэл яўрэяў. 21 чысла на чатырох машынах прыехаў з Глыбокага спецыяльны атрад з 35 немцаў. Паставілі кулямёты і ноччу сталі абстрэльваць дамы гета. Калі развіднела, яго жыхароў, якія засталіся жывымі, сагналі ў хлеў. Там іх распраналі і ў адной сподняй бялізне па 3-4 чалавекі выганялі на вуліцу, дзе п’яныя немцы расстрэльвалі з аўтамата. Усяго загінула 828 чалавек.
Учора ў раённым краязнаўчым музеі адбылося мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту. На ім прысутнічалі прадстаўнікі праваахоўных органаў, адукацыі, савета ветэранаў, навучэнцы гімназіі. У прэзентацыі, падрыхтаванай супрацоўнікамі музея, былі выкарыстаны дакументы Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Глыбоцкага занальнага дзяржаўнага архіва, Ізраільскага дзяржаўнага нацыянальнага мемарыялу Катастрофы (Халакосту) і Гераізму «Яд ва-Шэм», гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць. Пастаўскі раён», фотаматэрыялы і ілюстрацыі з інтэрнэту. Ад кожнага дакумента і фотаздымка стыла кроў у жылах, у кожным выступленні ўдзельнікаў мерапрыемства чуўся боль і гучала надзея, што такое ніколі не павінна паўтарыцца.
Напамін пра Халакост – гэта перасцярога ад небяспекі, якую тоіць у сабе фашызм.
У 1953 годзе ў Іерусаліме быў заснаваны нацыянальны мемарыял Катастрофы (Халакосту) і Гераізму «Яд ва-Шэм».
- Мэта стварэння мемарыялу — увекавечыць памяць пра яўрэяў — ахвяр нацызму, а таксама аддаць даніну павагі змагарам супраць фашызму і праведнікам свету, якія ратавалі яўрэяў, рызыкуючы ўласным жыццём.
- Назва комплексу — «Рука і імя», «Памяць і імя» або «Месца і імя» — паходзіць ад слоў прарока Ісаі.
- Мемарыял уяўляе сабой комплекс, размешчаны на плошчы 18 гектараў і ўключае ў сябе Музей гісторыі Халакосту, мемарыяльныя аб’екты, адкрытыя памятныя пляцоўкі, Музей мастацтва Халакосту, выставачны павільён, сінагогу, навукова-даследчы інстытут, візуальны цэнтр, бібліятэку з архівамі, выдавецтва і адукацыйны цэнтр і іншыя аб’екты.
- «Яд ва-Шэм» з’яўляецца другой па наведвальнасці турыстычнай славутасцю Ізраіля. Уваход у музей бясплатны. Мемарыял штогод наведвае больш за мільён чалавек.
Караліна Вялічка, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава
Вайна – гэта жудасная напасць, якая руйнуе жыцці людзей. Самае жахлівае, калі па ініцыятыве адной з дзяржаў —удзельніц вайны вынішчаюцца цэлыя нацыі. А яшчэ страшней, калі гэтыя падзеі сціраюцца з памяці народа.
Слова «Халакост» паходзіць са старажытнагрэчаскай мовы, што азначала «спалены цалкам», «ахвяра». У вядомым сёння значэнні яно ўпершыню было ўжытае ў 1960-я гады і выкарыстоўваецца паўсюдна. У Ізраілі ж стыхійнае забойства яўрэяў называецца «шоа» («катастрофа»).
Сёння мы павінны ведаць і памятаць пра трагедыю Другой сусветнай вайны і ні за што не дапусціць, каб яна паўтарылася. Жахлівае слова «Халакост» засталося ў нашай памяці як трагедыя яўрэйскага народа: вялікая колькасць расстраляных і спаленых, жаночы плач і крык дзяцей. Нямецкія акупанты не шкадавалі нікога, хто належаў да яўрэйскага народа.
Сярод забітых яўрэяў была моладзь, якая не выбірала сабе такі лёс. Мяркую, яна мела свае мары і планы на будучыню. Але іх знішчыла вайна. У страшных умовах Халакосту ва ўсіх засталося адно жаданне — жыць. Сярод забітых былі дзеці, якія не паспелі зразумець, што такое жыццё, а яны хацелі ўсміхацца і пазнаваць свет. Дзяцей пазбавілі гэтай магчымасці, яны бачылі толькі слёзы, боль і смерць.
Прайшло шмат гадоў, сведкаў тых жахлівых падзей амаль не засталося. Але мы павінны памятаць пра той жах, які прынесла вайна, у тым ліку і палітыка Халакосту.
Фаіна Касаткіна