Вера и Гжесь Лещики из д. Рудевичи Новоселковского сельсовета отметили 50 лет совместной жизни

Общество

Вера і Гжэсь Лешчыкі з вёскі Рудзевічы Навасёлкаўскага сельсавета адзначылі 50 гадоў сумеснага жыцця.

У мінулую нядзелю Вера Ле­шчык, укленчыўшы перад алтаром у лучайскім касцёле, дзякавала Богу за сваё жыццё, мужа, дачок, зяцёў і ўнукаў, за ўсё добрае, што было ў іх сям’і. Яе муж Гжэсь, які звычайна тут прыслугоўвае, у гэты час сеў побач з жонкай. А яго месца занялі тры ўнукі-міністранты. Пробашч касцёла ксёндз Яўген Міхайлаў, распачаўшы службу, аб’явіў, што маліцца будзе за залатых юбіляраў. А пазней запрасіў іх падысці бліжэй, падаць адно аднаму рукі, і «маладажоны» аднавілі сужэнскую прысягу.

Мужу і жонцы ўспомніўся такі ж снежны лістападаўскі дзень 1973 года. Рэлігія ў той час знаходзілася пад забаронай, касцёлы, якія былі побач, зачыненыя. І яны разам з Ганнай Дубовік з Круткоў, якая патаемна з’яўлялася манахіняй і рыхтавала дзяцей да першай споведзі, а маладых — да шлюбу, паехалі на цягніку ў Гадуцішкі. Там у мясцовым касцёле прынялі сакрамант шлюбу. Не было побач ні родных, ні гасцей. Маладыя прасілі Бога адарыць іх сваёй ласкай, каб маглі разам праслаў­ляць Яго заўсёды і ўсюды: у маладосці і старасці, здароўі і хваробе, дастатку і нястачы, у шчасці і горы — і паабяцалі кахаць адно аднаго і быць вернымі на ўсё жыццё.

Вера и Гжесь Лещики из д. Рудевичи Новоселковского сельсовета отметили 50 лет совместной жизни

Так і сталася. 50 гадоў Лешчыкі крочаць поплеч, з’яўляюцца прыкладам глыбокай веры і адданасці Богу. Як толькі вернікам вярнулі лучайскі касцёл, Гжэсь Сцяпанавіч быў у першых радах тых, хто аднаўляў святыню. Мужчыну выбралі ў склад парафіяльнай рады. Ні адзін суботнік на прыкасцельнай тэрыторыі, мясцовых могілках не абыходзіцца без яго ўдзелу і цяпер. І хоць з узростам цяжэй становіцца выконваць розныя работы, Сцяпанавіч, як кажуць, трымае марку. Яго паважаюць парафіяне. Таму пасля ўрачыстай святой Імшы прымаў віншаванні і ад іх. Цёпла гаварыў пра залатых юбіляраў ксёндз Яўген.

— У парафіі нямала ахвярных вернікаў, — казаў пробашч. — Але сёння нагода засяродзіць увагу на Гжэсю і Веры, якія сваім жыццём адкрыта сведчаць пра Хрыста. Іх сямейны саюз узорны. Сцяпанавіч — надзейны памочнік у касцельных справах. На яго можна разлічваць ва ўсім. Жадаю вам яшчэ доўгіх сумесных гадоў, апекі Маці Божай і дароў Духа Святога.

Вера и Гжесь Лещики из д. Рудевичи Новоселковского сельсовета отметили 50 лет совместной жизни

Муж і жонка — галоўная на­дзея і апора адно для аднаго. У любові выхавалі дачок Галіну і Ірыну. Абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю, стварылі моцныя сем’і, маюць па трое дзяцей.

— Вельмі даражым нашымі баць­камі, — гаварылі дочкі. — Яны для нас прыклад ва ўсім. Акуратныя, гаспадарлівыя, сумленныя, шчырыя. І нас заўсёды вучылі быць адказнымі, руплівымі, дапамагаць іншым. Хоць мы самастойныя, але маем патрэбу ў бацькоўскай падтрымцы. Мама ўмее заўсёды суцешыць, тата — зацвердзіць любое рашэнне важкім мужчынскім словам. Ніхто так хутка не прыйдзе на дапамогу, не зразумее, як яны.

Вера и Гжесь Лещики из д. Рудевичи Новоселковского сельсовета отметили 50 лет совместной жизни

Пасля Імшы ўсе адправіліся ў гасцінны дом Лешчыкаў. У гады іх маладосці вяселле было па­дзеяй для ўсёй вёскі. На жаль, Рудзевічы апусцелі. Таму з традыцыйнай «рагаткай» «маладых» на вуліцы сустракалі ўнукі, дочкі — з караваем на парозе. Перад уваходам у дом рассцялілі кажух — сімвал багацця.

— У нашым разуменні багаццем з’яўляюцца не матэрыяльныя каштоўнасці, а дзеці, унукі, усе родныя, — гаварылі муж і жонка. — Яны — золата нашых пражытых гадоў. Хочацца яго прымнажаць, таму і ступілі на кажух. У планах — дачакацца праўнукаў.

Няхай усё збудзецца!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.