У чэрвені бягучага года вёска Рабекі Курапольскага сельсавета папоўнілася двума жыхарамі. З Данецкай вобласці Украіны сюды пераехалі Марына і Андрэй Качуры.
Калі я заглянула да навасёлаў, гаспадары крыху разгубіліся ад нечаканасці (мы не былі знаёмыя і пра сустрэчу не дамаўляліся), але на размову згадзіліся. А падчас яе адчувалася, як нялёгка ім успамінаць перажытае, яшчэ не адбалелае. Марына раз-пораз змахвала з вачэй слёзы, перасядаў голас Андрэя.
— Летам загрыміць гром або зараз нізка праляціць верталёт — і апаліць страх, — прызнаваліся яны. — Праўда, усяго на імгненне, бо свядомасць падказвае: над намі мірнае неба!
Пад мірным беларускім небам Марына і нарадзілася. Але ў 1987 годзе яе бацькі з трыма дачушкамі пераехалі з Камай ва Украіну. Марыне тады было 10. Прайшло не адно дзесяцігоддзе. Дзяўчынкі выраслі, выйшлі замуж, нарадзілі дзяцей. Усе жылі ў адным пасёлку. Зараз адна сястра выехала з сям’ёй у Польшчу, другая — у Беларусь, трэцяя спрабавала знайсці больш спакойнае месца ва Украіне, але ўрэшце вярнулася на ранейшае.
Іх сяло знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Арцёмаўска, і гэта прыфрантавая зона.
— Калі пачалася спецыяльная ваенная аперацыя, усе сілавыя структуры, у тым ліку ваенкамат, эвакуіраваліся, — расказваў Андрэй Качур. — А перад гэтым знішчылі дакументы. У дамах, гаспадары якіх выехалі, зрывалі замкі і засяляліся ваенныя. Мясцовыя мужчыны перасталі хадзіць на работу, сядзелі дома, каб іх не забралі на фронт. Мы забілі вокны свайго дома, абсталявалі падвал пад бамбасховішча. Жылі адным днём. Я не працаваў паўгода. Жылі на мізэрную Марыніну пенсію. Добра, што быў агарод і мелі сваю агародніну. Расійскія войскі не неслі пагрозы мірным жыхарам. Мы баяліся бясчынстваў УСУшнікаў. Яны адкрыта гаварылі: «Адступаючы, каменя на камені не пакінем».
— А як удалося выехаць з Украіны? — пытаюся ў Андрэя, ведаючы, што мужчын з краіны не выпускаюць.
— Дзякуючы таму, што ў жонкі група інваліднасці, — адказаў ён. — І ўсё роўна баяліся, аж пакуль не перасеклі граніцу: а раптам не выпусцяць?
Яшчэ з 2014-га, пасля дзяржаўнага перавароту ва Украіне, яны разумелі, што наваспечаныя палітыкі вядуць краіну не ў тым напрамку. І ўсё ж спадзяваліся, што розум возьме верх і не адбудзецца антырасійскай эскалацыі. Спадзяванні аказаліся дарэмнымі. Таму і рашыліся на пераезд у Беларусь, хаця гэта далося нялёгка.
— У нашым пасёлку мы мелі кватэру і дом, — расказвала Марына, дэманструючы відэа на тэлефоне. — Паглядзіце, які наш сад, агарод, кветнікі. А колькі сяброў там мелі! І Андрэевы бацькі засталіся… Шчасце, што ў Беларусі нас прынялі вельмі прыязна. Падабаецца, што ў вас усё робіцца па законе. Вельмі паважаем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.
Сын купіў для нас гэты дом. Вельмі добрыя аднавяскоўцы. Чаго толькі яны нам не прапаноўвалі! Неўзабаве пасля пераезду я трапіла ў пастаўскую бальніцу. Вельмі ўразілі чулыя адносіны медперсаналу і тое, што не трэба было плаціць грошы. Ва Украіне даводзілася плаціць на кожным кроку.
Качуры атрымалі пасведчанне на права жыхарства ў нашай краіне, але на працу яшчэ не ўладкаваліся, бо займаюцца рамонтам дома, плануюць падправіць хлявы, каб трымаць у іх жыўнасць. Першы крок зроблены — ужо ёсць куры, а ў хаце — коцік і сабачка. У склепе — нарыхтоўкі, у тым ліку з грыбоў, якіх шмат нанеслі з суседняга лесу.
— Плануем тут застацца назаўсёды, — гаварылі яны. — Таму абжывацца будзем грунтоўна.
На шмат гадоў раней за Марыну вярнуліся на Радзіму яе бацькі і сын. Бацькі ўжо няма на гэтым свеце, маці жыве ў Іёдаўцах, сын Сяргей — у Рабеках.
— Упершыню мы будзем сустракаць Новы, 2024-ы, год з сынам, нявесткай і трыма ўнукамі, па якіх вельмі сумавалі, — гаварылі Марына і Андрэй. — Спяшаемся завяршыць рамонт, каб разам сабрацца за святочным сталом у нашым доме.
Ну што ж, як кажуць, няма ліха без дабра. Таму няхай толькі добрыя падзеі ў сям’і і ў нашай краіне прынясе маім новым знаёмым 2024-ы і ўсе наступныя гады.
Фаіна Касаткіна