Двайная радасць напаўняла сэрцы вернікаў маладой пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ў калядную ноч: нарадзіўся Збаўца, і святая Імша-пастэрка адбылася ў новым касцёле.
Работы па добраўпарадкаванні святыні яшчэ нямала. Але многае і зроблена: ёсць сцены, вокны, падлога, дах, электраасвятленне. Пераступіла парог храма — і трапіла ў чароўную атмасферу: запалены толькі агеньчыкі на ёлках, у яслях ляжыць маленькі Езус, каля Яго — Дзева Марыя і Святы Юзаф. Здаецца, іх сагравае цяпло людскіх сэрцаў (ацяпленне ў касцёле зманціравана, але пакуль не падключана).
Успомнілася, як у пачатку 2014 года жыхары 5 гарадка агучылі біскупу Віцебскай дыяцэзіі Алегу Буткевічу жаданне мець у мікрараёне свой храм. 16 красавіка таго ж года біскуп аб’явіў аб арганізацыі новай парафіі Езуса Міласэрнага, а 17 снежня Віцебскі абласны выканаўчы камітэт выдаў пасведчанне №548 аб дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі. Затым праходзіла грамадскае абмеркаванне ўзвядзення касцёла на вуліцы Касманаўтаў. Грамадскасць падтрымала рашэнне. Першым пробашчам стаў ксёндз Андрэй Бульчак. Восенню 2019-га на адведзеным пад будаўніцтва храма ўчастку заклалі падмурак, вясной 2020-га пачалі ўзвядзенне сцен.
Набажэнствы праходзілі ў часовай капліцы. 2 снежня 2017 года ў ёй падчас урачыстых нешпараў першай нядзелі Адвэнту з абрадам святла і святой Імшы ксёндз-дэкан Павел Самсонаў адзначыў, што ў капліцы вельмі цёпла, але не ад награвальных прыбораў, а ад гарачых сэрцаў парафіян, напоўненых верай. Наўрад ці думаў тады святар, што менш чым праз пяць гадоў стане пробашчам гэтай маладой парафіі і яму давядзецца займацца будаўніцтвам касцёла.
Апошнім часам рабіць гэта няпроста. Тым не менш 8 ліпеня мінулага года на вежы святыні ўстаноўлены крыж. Дзякуючы намаганням ксяндза Паўла, ахвяраванням нераўнадушных людзей работы тут вядуцца. Не ўсе верылі, што пастэрка адбудзецца ў новым будынку. Але падрыхтавацца да свята ўдалося дасканала.
І вось пачынаецца пастэрка: велічна спявае хор, сэрца пакідаюць трывога і штодзённыя клопаты, душа напаўняецца спакоем і славіць народжанага Езуса. Пасля святой Імшы наваколле асвятляе яркі феерверк, усе па-дзіцячаму яму радуюцца, віншуюць адно аднаго са святам, дзякуюць ксяндзу Паўлу за яго служэнне Богу і людзям. Гэта Божае Нараджэнне для парафіі Езуса Міласэрнага стане гістарычным.
Анна Анішкевіч