У сям’і Граблеўскіх з Вярэнек у перадсвяточныя дні Дзед Мароз і Снягурка, прадстаўнікі розных арганізацый — частыя госці. Аліна Міхайлаўна і Бенядзікт Браніслававіч выхоўваюць семярых прыёмных дзетак.
— Усе яны напісалі пісьмы добраму барадатаму чараўніку і цяпер з нецярпеннем чакаюць яго з падарункамі, — расказвала прыёмная мама. — Хлопцы прасілі бесправадныя навушнікі, скейтборд, віртуальны шлем і іншае. Жаданні спаўняюцца. Пра падарункі для нашых дзяцей паклапаціліся калектывы цэнтральнай раённай бальніцы, пастаўскага аддзялення Белаграпрамбанка, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ТЦСАН, пагранічнікі, раённая арганізацыя «Белай Русі».
Прыемным сюрпрызам стаў для сям’і прыезд старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Варапаеўскай дыстанцыі пуці Надзеі Кімбар і члена прафсаюза Наталлі Казаровец. Яны прывезлі сертыфікат на 1 126 рублёў.
— Дабрачыннасцю наш калектыў займаецца кожны год, — гаварыла Надзея. — Гэтай сям’і дапамагалі два гады таму. Вырашылі і сёлета. Справа, якой прысвяцілі сябе Аліна Міхайлаўна і Бенядзікт Браніслававіч, вельмі высакародная. Не кожны здольны ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне прыёмных дзяцей, паставіць іх на ногі, навучыць усяму і адправіць у дарослае жыццё. Гэта вельмі цяжкая праца. Нам прыемна бачыць шчаслівыя твары дзетак, іх абуладкаваны быт.
3-гадовая Сафійка, якую Граблеўскія ўзялі сёлета 1 снежня, з задавальненнем забралася да Надзеі Кімбар на рукі. 5-гадовая Марыйка (з’явілася ў сям’і, калі ёй было ўсяго 15 дзён ад нараджэння) увайшла ў ролю экскурсавода і вадзіла гасцей па ўсіх пакоях. Старэйшыя хлопцы паводзілі сябе больш стрымана — толькі радасна ўсміхаліся.
Першую дзяўчынку Граблеўскія ўзялі на выхаванне 17 гадоў таму. Сёння Насця — навучэнка 2 курса Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Атрымлівае прафесію бухгалтара. Пасля яе было яшчэ 20 дзяцей. Шасцярых з іх усынавілі. Двое вярнуліся ў біялагічныя сем’і. Тыя, што выраслі і пакінулі дом Граблеўскіх, у якім іх ахіналі цяплом і клопатам, прыязджаюць да прыёмных бацькоў на святы, падчас водпускаў.
Граблеўскія ніколі не разлучаюць родных братоў і сясцёр. Цяпер у іх жывуць Вова і Дзіма Дзілі, Лёша і Косця Бельскія.
Зразумела, што для такой колькасці дзяцей ніякія грошы не бываюць лішнімі. Шмат іх ідзе на харчаванне. Аліна Міхайлаўна паказвала 5-літровую каструлю з супам, вялізную міску з салатай. Перад Новым годам усім набылі новы абутак. Муж і жонка ніколі не разлічвалі на чыюсьці дапамогу: і калі выхоўвалі сваіх чацвярых дзяцей, і цяпер. Але, вядома, вельмі прыемна, калі нехта яе аказвае.
Анна Анішкевіч