Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Главное Общество

Планавала, што апошні ў гэтым годзе выпуск «Вёсачкі» буду рыхтаваць, калі зіма прыбярэ ўсё наваколле ў асляпляльную белізну. А яна, так прыгожа распачаўшы сваё снежна-марознае шэсце, неўзабаве адступіла. І надвор’е стала позневосеньскім — мокрым і золкім. Аднак ёсць і радасць: стаў прыбаўляцца светлавы час. Няхай па хвілінцы, але кожны дзень.

А год зрывае апошнія лісткі са свайго календара. Якім ён быў для жыхароў Ляхаўшчыны? Чаго яны чакаюць ад 2024-га?

І ўвогуле чым жыве вёска? Пройдзем па ёй і пацікавімся гэтым.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Жыві, маленькая радзіма!

Шкадуе аб адсутнасці зімы і старэйшына вёскі Таццяна Дзюшко.

— Яна мая любімая пара года, — расказвала жанчына. — Асабліва калі шмат снегу. Нават завіруха радуе. А як хораша выйсці ўсёй сям’ёй за вёску і пакатацца з горкі на цюбінгу або на звычайным мяшку, набітым саломай! І летам у нас вельмі хораша: побач возера, шмат дрэў, дэкаратыўных кустарнікаў, кветак. Утульная, прыгожая, а самае галоўнае — родная мне вёсачка. Сярод выхадцаў з яе няма вядомых асоб, але людзі тут годныя.

Некалі Ляхаўшчына з’яўлялася цэнтрам саўгаса «Дунілавіцкі». Зараз тут аддзяленне сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-­агра». Ёсць ферма, рамонтныя майстэрні, бухгалтэрыя. А значыць, і рух пастаянны. Добрыя транспартныя зносіны з райцэнтрам, да якога каля 40 кіламетраў, а да Варапаева — усяго 7. Кожны дзень ходзіць аўтобус «Паставы—Навінкі», тры разы на дзень — цягнік. Ёсць ФАП, 2 магазіны. У вёсцы зараз 163 жыхары.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

— Іх магло б быць больш, — гаварыла пра набалелае старэйшына. — Але ад нас выехала ў Паставы некалькі мнагадзетных сем’яў, атрымаўшы там кватэры. Лічу, што было б правільным будаваць для такіх сем’яў жыллё ў сельскай мясцовасці, а не ў горадзе. Там, дзе яны выраслі, стварылі сем’і, нарадзілі дзяцей, працавалі.

Менавіта ў роднай вёсцы знайшла прымяненне і заслужыла павагу людзей сама Таццяна. Яна загадвае мясцовым ФАПам. У 2021-м стала лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны» і ўдастоена прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.

— Гэта вельмі высокі гонар, — расчулена гаварыла Таццяна Мар’янаўна. — У мяне звычайная сям’я, у якой двое дзяцей-школьнікаў, любімая работа. Ну і абавязкі старэйшыны стараюся выконваць годна. Заўсёды падтрымлівае старшыня сельскага Савета Таіса Баторы, адклікаюцца людзі.

А ведаеце, на што Таццяна Дзюшко патраціла прэмію імя Тусналобавай-Марчанкі? Накупляла фарбы і арганізавала суботнік па афарбоўцы агароджы ў цэнтры Ляхаўшчыны. Хіба гэта не годны ўчынак?

— Мая правая рука, — хваліла старэйшыну старшыня Дунілавіцкага сельскага Савета Таіса Баторы. — З ёй любое пытанне можна вырашыць. І людзі вельмі паважаюць Таццяну.

А яна — людзей. З цеплынёй расказвала мне пра многіх (не буду пералічваць прозвішчы, каб не пакінуць каго «за кадрам» і незнарок не пакрыўдзіць), дзялілася планамі, што ёй хочацца зрабіць у Ляхаўшчыне, каб яна яшчэ больш папрыгажэла. І адчувалася, што ўсё тут для яе роднае і дарагое. Як і для многіх іншых вяскоўцаў.

Елачкі прыехалі…

У цэнтры Ляхаўшчыны спыні­лася машына з елачкамі і сасонкамі. Гэта Дунілавіцкае лясніцтва, якое ўзначальвае Гена­дзій Дзюшко, прывезла вяскоўцам свой тавар.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Бухгалтар лясніцтва Ірына Калачова патлумачыла:

— Нам прыемна аказ­ваць такую паслугу. Найперш выязджаем туды, адкуль атрымліваем заяўкі. Паступілі яны і з Ляхаўшчыны. 12 дрэўцаў ужо прадалі. Чакаем і яшчэ пакупнікоў.

…і крама запрашае

Паўтара года назад у вёсцы адкры лася прыватная крама. У адрозненне ад магазіна Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, які тут таксама ёсць, яна напоўнена самым разнастайным таварам. І ён карыстаецца попытам. Людзі задаволеныя, што могуць набыць усё, што пажадаюць.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Для мяне цікавым стаў і той факт, што ўладальніца крамы Марына Іршонак па адукацыі медык і да выхаду на льготную пенсію працавала фельчарам хуткай дапамогі. А ўзялася за новую, зусім няпростую, справу — і ўсё атрымалася. Безумоўна, з дапамогай сям’і.

З юбілеем!

Сёння — 27 снежня. Якраз у гэты дзень у Марыі Ціхановіч — юбілей, спаўняецца 80. І як не павіншаваць імянінніцу? Моцнага вам здароўя, доўгіх гадоў, радасці ў дзецях і ўнуках, шаноўная Марыя Фадзееўна!

— Во як мне шанцуе на гасцей! — сустрэла нас Фадзееўна, калі мы са старэйшынам тыдзень назад заглянулі да яе. — Сёння — вы, а ўчора прыходзіў ксёндз. Я ж каталічка, рыхтуюся да Божага Нараджэння, таму паспавядалася. Раней хадзіла ў каплічку, зараз малюся дома.

Спраўляцца з хатнімі справамі гаспадыні дапамагае сацыяльны работнік Галіна Ластоўская. Узнікае якая пільная патрэба — тут як тут сусед Алег Сініца.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

— Людзі ў нас добрыя, адно другому дапамагаюць, — расказвала жанчына. — Шкада толькі, што іх застаецца ўсё менш. Старэйшае пакаленне памірае, маладыя з’яз­джаюць у гарады.

У горадзе (Маладзечне) жыве, працуе ў чыгуначным дэпо механікам і яе сын Андрэй. Дачка Святлана — бліжэй, у Варапаеве, яна настаўніца. Муж Марыі Фадзееўны 4 гады назад памёр. Успамінае яго як працавітага і клапатлівага чалавека. 37 гадоў Уладзімір аддаў працы на трактары. Трымалі шмат жыўнасці на падвор’і. «А зараз са скаціны застаўся адзін сабака», — нявесела жартуе гаспадыня. Затое з радасцю расказвае пра дзяцей, унукаў і праўнукаў, дзвюх родных сясцёр, якія таксама жывуць на Пастаўшчыне.

А я цікаўлюся, як плануе адзначаць юбілей. І чую ў адказ, што абавязкова збярэ родных за святочным сталом. Яны ж і падрыхтаваць яго дапамогуць, як дапамагаюць і ў любых будзённых справах. Сын з нявесткай і дачка з зяцем наведваюцца часта.

P.S. Як паведаміла старэйшына, 2023-і выдаўся багатым на юбілейныя даты жыхароў вёскі. 85-годдзе адзначылі Францішка Будзіч і Вайцех Сямашка, 70 — Святлана і Аляксей Аліхверы, 60 — Генадзій Казакевіч.

Каму – радасць, а каму – маркота

Валянціна і Вайцех Сямашкі прыехалі ў Ляхаўшчыну з Закаўказзя, дзе ён служыў у арміі. Па стане здароўя вымушаны быў адмовіцца ад афіцэрскай кар’еры. Вярнуўся ў родныя мясціны. Абое працавалі ў ляхаўшчынскай школе. Дзеці вельмі любілі гэтых настаўнікаў, бо яны былі захопленыя сваёй справай і аддавалі ёй усю душу.

Вайцеха Антонавіча ведаюць яшчэ і як заўзятага шахматыста і пчаляра. Акрамя таго, ён карпатліва збірае звесткі пра свой род і знайшоў датаваныя яшчэ XVII стагоддзем. Валянціна Мацвееўна — захоплены філолаг. У дзявоцтве вучылася і асновам рэжысуры. Ва ўсім яе вобліку бачыцца артыстычнасць.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Адна дачка Сямашкаў жыве ў Маскве, дзве — у Мінску.

— І я вельмі люблю Мінск, — прызналася Валянціна Мацвееўна. — Штогод праводзіла ў дачок шмат часу. А на днях і Антонавіча забіраем у сталіцу.

— Толькі на зіму! — пахмурнее Вайцех Антонавіч. — Што я там буду рабіць? А тут мае пчолы і ўсе дарожкі, па якіх штодня хаджу, тут маё месца.

Ну і праўда, хіба старыя дрэвы перасаджваюць?

Пад знакам любові

Святлана і Аляксей Аліхверы мелі ў Паставах трохпакаёвую добраўпарадкаваную кватэру. Яна працавала ў школе, ён — у райкаме партыі. А ў маі 1986-га той жа райкам накіраваў Аляксея на пасаду парторга саўгаса «Дунілавіцкі». З таго часу маладая сям’я з трыма дзецьмі змяніла пастаўскую прапіску на ляхаўшчынскую і за 37 гадоў знаходжання тут «зраслася» з вёскай.

— Прывыклі да людзей, усіх ведаем, — расказвала Святлана. — Я настаўнічала, Аляксей спачатку быў парторгам, а потым — старшынёй Варапаеўскага пассавета. Тут выраслі нашы дзеці, сфарміраваліся іх характары. Па магчымасці наведваюцца. Лю­бяць лес, азёры, просяць дасылаць фотаздымкі тых мясцін, дзе мы бываем.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Усе трое іх дзяцей жывуць у Мінску, атрымалі адукацыю, маюць кватэры і прэстыжную работу. Юрый — кардыёлаг, урач вышэйшай катэгорыі, скончыў аспірантуру, напісаў кандыдацкую дысертацыю. Аляксандр спачатку атрымаў вышэйшую педагагічную адукацыю, а пазней скончыў БНТУ, працуе ў сферы лагістыкі. Лена — выпускніца Гомельскага гандлёва-эканамічнага інстытута. У яе ўжо 15 гадоў стажу ў апараце Белспажыўсаюза. Радуюць і ўнукі. Старэйшы заканчвае Белдзяржуніверсітэт, унучка — пераможца раённых і прызёр гарадскіх алімпіяд па нямецкай мове, дзве малодшыя ходзяць у 1 клас, а найменшы, якому 5 гадоў, ужо вучыцца чытаць.

Што да саміх Святланы і Аляксея, то абое ўжо на заслужаным адпачынку. Разам займаюцца агародніцтвам і гаспадаркай. Захапляюцца біятлонам, лю­бяць плаваць, чытаць, езд­зяць на канцэрты ў Паставы. Святлана і сама ўдзельнічае ў іх, бо хораша спявае. А яшчэ яна піша добрыя вершы, якія друкуюцца не толькі ў раёнцы, але і ў іншых выданнях, а таксама ўвайшлі ў тры калектыўныя зборнікі паэзіі. Усё гэта — пад знакам любові да мужа, дзяцей і ўнукаў, людзей, побач з якімі працавалі, зямлі, на якой жывуць.

З камп’ютарам на «ты»

Прызнаюся: з загалоўкам крыху перабольшыла. Безумоўна, Францішка Будзіч асвоіла яго не ў такой ступені, як яе дзеці і ўнукі. Але ж і ўзрост трэба ўлічваць — жанчыне споўнілася 85, ніякай тэхнічнай адукацыі яна не мае. А праз камп’ютар выходзіць на сувязь ажно з Канадай.

— Там жыве мой сын з сям’ёй, — расказвала Францішка Віктараўна. — Раней прыязджаў да мяне кожны год. Але ў сувязі з пагаршэннем абстаноўкі ў свеце і ўскладненнем міжнароднага руху самалётаў ужо два гады не быў. Добра, што хоць па скайпе часта размаўляем.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Яшчэ адна яе радасць — штодзённая трансляцыя Імшы з пастаўскага касцёла. Хоць і віртуальна, але ўдзельнічае ў ёй. Таксама любіць паглядзець па камп’ютары фільмы. «Калі здараецца, што заблытаюся ў настройках, то другі мой сын ці нявестка дапамагаюць ра­забрацца, — прызналася. — Яны да мяне прыязджаюць часта, і я ў іх бываю. Вось і зараз сабралася на некалькі дзён».

Не сумняваюся: падчас такіх гасцяванняў Францішка Віктараўна не прамінае ўдасканальваць свой камп’ютарны досвед.

Дзеткі як кветкі

Іх пестуюць і любяць. У Аксаны і Дзяніса Мядзвецкіх дзетак трое: Давіду — 8 гадоў, Ульяне — 5, Эліне — 8 месяцаў.

— Давід вельмі хацеў браціка, — расказвала Аксана. — Але калі нарадзілася дзяўчынка, прыняў і яе. Ульяна здзівілася, што ў сям’і з’явілася «лялька». А зараз любяць з ёй забаўляцца, тым больш што малая ўжо пачала хадзіць.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Напэўна, не бывае такога, каб дзеці не хварэлі. Ульяна падхапіла вятранку, Давід зламаў руку, але абое ўжо папраўляюцца. А мама з татам рыхтуюць для іх падарункі і маскарадныя касцюмы — пад Новы год у доме з’явяцца Бэтман і Фея.

Вядома, выхоўваць траіх дзяцей нялёгка, таму іх бацькі вельмі ўдзячныя за дапамогу бабулям. А таксама дзяржаве за матэрыяльную падтрымку. Атрыманым сямейным капіталам яшчэ не скарысталіся, але плануюць набыць за яго новы дом.

На пазітыве!

— Абавязкова зайдзіце да Міхаіла Харужонка! — наказвала мне перад паездкай у Ляхаўшчыну старшыня сельскага Савета. — Такі захоплены музыкай чалавек!

А сам Міхаіл расказаў, што граць на гармоніку пачаў у 12 гадоў. Падлеткам іграў на праводзінах у армію, цярэшках, маёўках, вясковых танцах. Выступаў на сцэне і падчас тэрміновай службы ў арміі. Запрашалі пайграць на аглядзе-конкурсе падворкаў, які праводзіўся ў рамках міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Выступаў на «Вішнёвым фестывалі» ў Глыбокім. У яго «арсенале» 3 гармонікі, баян, акардэон, балалайка, труба.

Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Ляховщина

Як было не закахацца ў маладога гарманіста яго будучай жонцы, якая працавала ў калгаснай бухгалтэрыі? У шлюбе яны ўжо 55 гадоў. Міхаіл перанёс два інфаркты. Сёлета прыйшла яшчэ адна бяда — Рэню падкасіў інсульт, і яна не падымаецца з ложка. Але жанчына, аптымістка па натуры, не паддаецца адчаю. А муж клапатліва даглядае яе і таксама застаецца на пазітыве. У гэтым ім абаім дапамагае музыка, якая не перастае гучаць у доме.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.