Падведзены вынікі рэалізацыі праекта «Адміністрацыйны рэгіён Беларусі —арганізацыя суайчыннікаў за мяжой». Сярод пераможцаў — Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт. Дыплом Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей за подпісам Аляксандра Румака намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў уручыў намесніку старшыні райвыканкама Станіславу Чымбургу.
— Што наймацней аб’ядноўвае беларусаў? Любоў да таго месца, дзе нарадзіўся, — гаварыў Станіслаў Чымбург. — І нават калі лёс закінуў далёка ад Радзімы, усё роўна душа імкнецца сюды, шануюцца традыцыі продкаў, культурная спадчына і мова. Яны — жывая сувязь, якой не перашкода ні час, ні межы, ні адлегласць. Праект «Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой» накіраваны на прыцягненне суайчыннікаў з-за мяжы, іх грамадскіх арганізацый да ўдзелу ў сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі, папулярызацыю дасягненняў нашай краіны ў краінах, дзе жывуць землякі, наладжванне канструктыўнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Дзякуючы рэалізацыі праекта развіваецца ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, культуры, спорту, інфармацыі, захоўваецца гісторыка-культурная спадчына народаў. Наш раён ужо на працягу многіх гадоў падтрымлівае цесныя сувязі з беларусамі замежжа. У Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у чэрвені мінулага года прымала ўдзел афіцыйная дэгегацыя Расійскай Федэрацыі з г. Пушкіна і народны ансамбль «Масковія» муніцыпальнага Дома культуры гэтага горада. З Латвіі прыязджаў ансамбль беларускай песні «Журавінка» Вентспілскага беларускага таварыства «Спадчына». Студэнты з Туркменістана і Кітая, якія вучацца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава, прадстаўлялі культуры сваіх краін.
Для ўстанаўлення пабрацімскіх сувязей з нашым раёнам летась з рабочай паездкай на Пастаўшчыне пабывала афіцыйная дэлегацыя Смаленскай вобласці ў складзе намесніка кіраўніка муніцыпальнай адукацыі Руднянскага раёна па сацыяльных пытаннях Валянціны Раманенкі і начальніка аддзела культуры Валянціны Вінаградавай. Госці прысутнічалі на святочным канцэрце, прысвечаным Дню народнага адзінства. Падчас сустрэчы шмат гаварылі пра сумеснае захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну.
Дагавор аб супрацоўніцтве заключаны паміж аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама і беларускім культурна-асветніцкім таварыствам «Уздым» з г. Даўгаўпілса.
Плённае супрацоўніцтва працягвалася і сёлета. З Пушкіна на міжнародны фестываль прыязджалі новыя калектывы. Пашырыліся сувязі з суайчыннікамі з Латвіі: дабавіўся ансамбль беларускай песні «Паўлінка» ліепайскай беларускай суполкі «Мара».
У нашым раёне стасункі з землякамі будуюцца і на індывідуальнай аснове: у многіх за мяжой жывуць родзічы і сябры. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму для жыхароў суседніх краін Еўрасаюза да нас з задавальненнем едуць латышы, літоўцы, палякі. На Пастаўшчыне заўсёды рады гасцям і супрацоўніцтву.
Анна Анішкевіч
Фота газеты «Витебские вести»