Пад Новы год прынята дарыць падарункі, рабіць адно аднаму прыемныя сюрпрызы. Атрымалі іх і нашы землякі, якія вучацца і працуюць у сістэме адукацыі раёна.
26 снежня ў Віцебскім абласным выканаўчым камітэце адбылася ўрачыстая цырымонія ўшаноўвання навучэнцаў — пераможцаў заключных этапаў рэспубліканскіх мерапрыемстваў і міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах, а таксама педагогаў, якія іх падрыхтавалі. У ліку запрошаных на мерапрыемства жыхароў Прыдзвінскага краю былі пастаўчане.
Па выніках 2023 года прэміі старшыні Віцебскага аблвыканкама прысуджаны сёлетнім выпускніцам Пастаўскай гімназіі і СШ №3 Лізавеце Афанасьевай і Аляксандры Жыдкай, якія сталі пераможцамі заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Прычым перамагалі ў ім дзяўчаты тройчы. Лізавета ў 2021 годзе атрымала дыплом ІІ ступені, а ў 2022-м і 2023-м — дыпломы І ступені па геаграфіі. Аляксандра два гады запар заваёўвала дыпломы ІІІ ступені па фізічнай культуры і здароўі, а сёлета стала «сярэбраным» прызёрам на «рэспубліцы». Абедзве пастаўчанкі зараз з’яўляюцца студэнткамі. Ліза вучыцца ў БДУ на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі (на жаль, яна не змагла прыехаць на ўрачыстасць), Саша — першакурсніца факультэта фізічнай культуры і здароўя ВДУ імя П. М. Машэрава.
Яшчэ адна наша зямлячка — 11-класніца гімназіі Карына Шубелька — атрымала такую ж прэмію як пераможца заключнага этапа рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі), дзе была ўдастоена дыплома ІІІ ступені. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя гэтай установы адукацыі Аляксандр Вавінскі, які раней працаваў у трэцяй гарадской школе, адзначаны прэміяй у ліку педагогаў, што падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. А сама гімназія ўзнагароджана Падзякай старшыні аблвыканкама за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, высокія вынікі ў арганізацыі работы з адоранымі вучнямі. Яе з рук старшыні абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева атрымаў дырэктар навучальнай установы Славамір Каранеўскі.
Цырымонія ўшаноўвання пераможцаў стала адным са шматлікіх мерапрыемстваў акцыі «Нашы дзеці», якая цяпер праходзіць па ўсёй Беларусі. Цэнтральнай жа яе падзеяй з’яўляецца ёлка ў Палацы Рэспублікі з удзелам Прэзідэнта, якая штогод збірае каля дзвюх з паловай тысяч дзяцей з розных куточкаў краіны. Трапіць на яе маюць магчымасць і юныя пастаўчане. Сёлета шанц пабываць на навагоднім прадстаўленні на галоўнай сцэне краіны і атрымаць падарункі ад кіраўніка дзяржавы выпаў 5-класніцы СШ №1 Вераніцы Шорац, 7-класнікам СШ №2 імя Н. М. Асяненкі і СШ №4 імя В. Ф. Франтова Максіму Пачко і Альберту Макоўскаму, а таксама 9-класніцы Варапаеўскай СШ Марыі Насевіч. Яшчэ 30 дзяцей з нашага раёна адправіліся на так званую губернатарскую ёлку ў Віцебск. Як і ў сталіцы, акрамя навагодняга прадстаўлення, іх чакалі экскурсіі, выставы, гульнявыя праграмы, майстар-класы. Яны падарылі незабыўныя ўражанні і стварылі па-сапраўднаму святочную, казачную атмасферу.
Алена Шапавалава
Фота даслала Раіса Шубелька