Напярэдадні Новага года стартавала шмат дабрачынных акцый. Усе яны накіраваны ў асноўным на падтрымку дзяцей-сірот, дзяцей з нядобранадзейных і мнагадзетных сем’яў. Але ў чаканні цудаў зараз і старыя, асабліва адзінокія. Стварыць ім святочны настрой пастараюцца грамадскія арганізацыі, валанцёры.
— Акцыі пачынаюцца і заканчваюцца, а мы дапамагаем тым, хто ў гэтым мае патрэбу, пастаянна, — расказвала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава. — Зімой нашы валанцёры чысцяць людзям двары ад снегу, шчапаюць дровы, складаюць іх пад навесы. Нярэдка адпраўляемся па заяўленых адрасах, каб схадзіць у магазін па прадукты, прынесці ў дом вады, дроў. Радуе, што нікога з маладых людзей не трэба ўгаворваць аказваць дапамогу, яны добраахвотнікі.
Па адным з адрасоў разам з валанцёрамі Аляксеем Талайкам і Данілам Гінько пабывала і я. Хлопцы — будучыя тэхнікі-механікі. Займаюцца на 1-м курсе Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Пастаўчанка Алімпіяда Літвіновіч юных памочнікаў сустрэла з радасцю. Аляксей і Даніла адправіліся ў дрывотню па дровы, а я разгаварылася з гаспадыняй.
— Вельмі ўдзячная валанцёрам за дапамогу, — гаварыла жанчына. — Мне 88 гадоў. Здароўе знасілася. Жыву адна. Ёсць дачка, але і ў яе хвароб хапае, таму мужчынскія рукі часта бываюць патрэбныя. Калі купіла дровы, спарадкаваць іх таксама дапамаглі валанцёры. Наступіў ацяпляльны сезон, а прынесці паленне з дрывотні па слізкай сцежцы самой стала няпроста. Зноў выручаюць памочнікі. Але сённяшнія цяжкасці — дробязь у параўнанні з тымі, што давялося перажыць у вайну, пасляваенны час.
Радзіма Алімпіяды Літвіновіч — вёска Рамелькі. Калі пачалася вайна, ёй было 8 гадоў. Бацьку забралі ў польскую армію, старэйшага брата прызвалі ў Чырвоную. А маці засталася адна з пяццю дзецьмі. Па словах Алімпіяды Усцінаўны, немцы адступалі і вельмі лютавалі. Вяскоўцы пакінулі сваё жыллё і хаваліся ў лесе. І холадна было, і голадна. Яшчэ аднаго брата Алімпіяды пагналі на прымусовыя работы ў Германію. Нагараваліся. Добра, што пасля блакады ўцалела хата. Рук не шкадавалі, шчыра працавалі на сваёй гаспадарцы, затым у калгасе. Паступова абжываліся.
45 гадоў працоўнай біяграфіі Алімпіяды Літвіновіч звязаны з гандлем: была старшынёй гарадскога спажывецкага таварыства, намеснікам, галоўным бухгалтарам. Паслухаць успаміны жанчыны вельмі цікава. І хлопцы-валанцёры маюць намер завітаць да яе, каб павучыцца жыццёвай мудрасці.
— Пажылым часта вельмі хочацца проста з кім-небудзь паразмаўляць, — казалі Аляксей і Даніла. — Таму варта ахвяраваць для гэтага свой час. Нам прапанавалі быць валанцёрамі, і мы згадзіліся. А чаму б і не? Гэта не складана. І вялікай заслугі тут не бачым. Для нас вельмі важна дапамагаць іншым.
Анна Анішкевіч