Как готовятся к Рождеству и встречают его жители Поставщины? Мини-опрос

Общество

Сёння — Вігілія Божага Нараджэння. Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч папрасіла жыхароў Пастаўшчыны ўзгадаць традыцыі святкавання Каляд у дзяцінстве, дарогу да веры, расказаць, як цяпер рыхтуюцца да свята і сустракаюць яго.

Как готовятся к Рождеству и встречают его жители Поставщины? Мини-опросУладзіслава Казак, аг. Дунілавічы:

— Нарадзілася я ў невялікай вёсачцы Сіманы. Пад адным дахам жылі мае бацькі, бабуля, цётка, я і на два гады меншая за мяне сястра. На вігілійную вячэру жанчыны гатавалі посныя стравы. У спецыяльнай ступцы таўкачыкам цёрлі мак. Тата прыносіў духмянае сена, рассцілаў на стале. Яго накрывалі белым абрусам.

Пасля вячэры старэйшыя адпраўляліся ў лучайскі касцёл на пастэрку. Нас, дзяцей, з сабой не бралі, бо ісці трэба было некалькі кіламетраў праз лес. Неўзабаве касцёл закрылі. Рэлігійнае жыццё стала на доўгую паўзу. І нават калі дунілавіцкім вернікам вярнулі касцёл, я, ужо тады настаўніца, не адразу пераступіла яго парог. Шлюб з мужам узялі толькі ў 1994 годзе. Гэты сакрамант наблізіў нас да Бога. Цяпер мы не проста святкуем рэлігійныя святы, а рыхтуемся да іх духоўна. Самае любімае — Божае Нараджэнне. На яго прыязджаюць у госці абодва сыны з нявесткамі, шасцёра ўнукаў. А калі за адным сталом збіраецца такая вялікая сям’я, то радасць перапаўняе сэрца.

Как готовятся к Рождеству и встречают его жители Поставщины? Мини-опросВацлаў Шымковіч, аг. Камаі:

— З дзяцінства незабыўнае ўсё: чаканне падзеі, клопаты з нагоды, традыцыі. У Раманішках, дзе мы жылі, было ўсяго 12 хат, а дзяцей — каля 20. У нашай сям’і, акрамя мяне, раслі яшчэ дзве сястры і брат. Было вельмі весела. Помніцца, як пасля вігілійнай вячэры дзяўчаты варажылі на суджанага — абхоплівалі ў двары штыкетнік рукамі: калі ў пару — значыць, выйдзе замуж, калі не — застанецца яшчэ на год у дзеўках. Або панясе дзяўчына смецце выкідваць: з якога боку сабака забрэша, туды і замуж пойдзе.

Да лынтупскага касцёла ад нашай вёскі — 3 кіламетры. Храм ніколі не закрываўся. І мы хадзілі на святую Імшу. Здаралася, настаўнікі за руку выводзілі з касцёла, затым былі непрыемнасці ў школе. Але бацькі вучылі не цурацца Бога.

Вельмі радаваліся, калі забарону на рэлігію знялі. Цяпер мы з жонкай — парафіяне камайскага касцёла. На Божае Нараджэнне ўсё будзе згодна з традыцыяй: сена, белы абрус, посныя стравы. Чакаем дачку, зяця, дзвюх унучачак. Каторы год у нас зімуе цешча з Вілейскага раёна. Месца за святочным сталом хапае ўсім. Павячэраўшы, пойдзем у касцёл. Там вельмі ўрачыста праходзіць святая Імша, цудоўна спявае хор, і душа славіць Бога.

Как готовятся к Рождеству и встречают его жители Поставщины? Мини-опросМарыя Танана, г. Паставы:

— Вігілія Божага Нараджэння — сямейнае свята. Да нас прыязджаюць два сыны і дачка з сем’ямі. Муж яшчэ летам спецыяльна да Каляд рыхтуе крыху сена, якое кладзём на стол пад белы абрус. На яго ставім 12 посных страў. Яркімі агеньчыкамі зіхаціць прыгажуня ёлка. Пасля сумеснай малітвы дзелімся аплаткай, складаем адно аднаму пажаданні. Унучкі запяваюць калядкі, і мы ўсе ім дапамагаем.

Гляджу на іх — і ўспамінаю сваё дзяцінства. Напярэдадні Божага Нараджэння з татам ішлі ў лес па ёлку (тады гэта не забаранялася). Снегу — вышэй за калена. Пакуль выберам прыгажуню, стомімся, дадому ледзь ідзём. Ялінку пакідалі ў сенцах, каб абсохла. Потым тата замацоўваў яе ў спецыяльнай крыжавінцы на табурэтцы перад акном. І па хаце разносіўся прыемны пах хвоі. Цацкі былі ў асноўным самаробныя: папяровыя ланцужкі, ліхтарыкі, сняжынкі, нейкія цікавосткі з саломкі. Перад куццёй мама з раніцы завіхалася ля печы: у чыгунку паравала кіслая капуста з грыбамі, у другім варылася каша, яшчэ ў адным быў  узвар з сушаных яблыкаў або ягадны кісель. Касцёла блізка не было, і мы маліліся дома. Абавязкова спявалі калядныя песні на польскай мове. Яны і цяпер кранаюць маё сэрца.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.