Адказ на гэта пытанне дасць нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі, якое ўпершыню правялі Нацыянальны інстытут адукацыі, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі Беларусі. Мэтай было атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра стан сістэмы агульнай базавай адукацыі для прыняцця абгрунтаваных кіраўніцкіх рашэнняў.
У даследаванні ўдзельнічалі каля 20 тысяч навучэнцаў з усёй рэспублікі, якія скончылі 9 класаў. У іх лік трапілі 10-класнікі СШ №1 Пастаў і Камайскай СШ, а таксама першакурснікі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Арганізатары паставілі перад сабой задачу ацаніць іх функцыянальную пісьменнасць і вызначыць, наколькі сённяшнія юнакі і дзяўчаты гатовы да дарослага жыцця, вырашэння рэальных жыццёвых праблем з выкарыстаннем тых ведаў і ўменняў, якія яны атрымалі ва ўстановах адукацыі.
— Спачатку з навучэнцамі правялі пробнае тэсціраванне (яно прайшло 14 лістапада), а з педагогамі, якія былі задзейнічаны, — шэраг вебінараў, — расказвала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Наталля Ярынская. — Асноўны этап даследавання адбыўся 29 лістапада. Кожны яго ўдзельнік атрымаў варыянт работы, якая ўтрымлівала 30 заданняў па двух відах пісьменнасці: чытацкай і матэматычнай або прыродазнаўчанавуковай і фінансавай. На выкананне заданняў адводзілася 90 хвілін — гэта былі дзве 45-хвілінныя сесіі з невялікім перапынкам паміж імі. Трэба сказаць, што заданні аказаліся няпростымі. Аўтары змадэлявалі ў іх жыццёвыя сітуацыі, якія маладыя людзі павінны былі вырашыць, выкарыстоўваючы веды, уменні і спосабы дзейнасці, атрыманыя на занятках. Работы выконваліся ў прысутнасці назіральнікаў, а правяралі іх настаўнікі-эксперты з розных устаноў адукацыі раёна.
На наступны пасля тэсціравання дзень было анкетаванне. Школьнікам і навучэнцам каледжа прапанавалі адказаць на 42 пытанні, якія дапамаглі арганізатарам даследавання дапоўніць атрыманую напярэдадні інфармацыю. У анкетаванні ўдзельнічалі таксама эксперты, адміністратары і бацькі навучэнцаў. Пазней Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выпусціць брашуру з аналізам якасці адукацыі ў кожнай з шасці абласцей і краіне ў цэлым і сваімі высновамі. Вырашана, што такія даследаванні будуць праводзіцца рэгулярна — адзін раз на тры гады.
Функцыянальная пісьменнасць – гэта выпрацаваная ў працэсе вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці гатоўнасць знаходзіць аптымальныя спосабы вырашэння жыццёвых задач, праяўляць творчасць і быць паспяховым у розных сферах жыццядзейнасці.
Алена Шапавалава