Что поставчане спешат сделать в последние дни 2023-го? Мини-опрос

Общество

Імкліва набліжаецца Новы, 2024-ы, год. Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася ў пастаўчан, што яны спяшаюцца зрабіць у апошнія дні 2023-га.

Что поставчане спешат сделать в последние дни 2023-го? Мини-опрос

Сняжана Чарэнка, рабочая Пастаўскага мэблевага цэнтра:

— Стараюся нічога не адкладваць на 31 снежня і ўсё планую загадзя: дзе і з кім буду сустракаць Новы год, якую да гэтай урачыстасці набыць сукенку. Звычайна з сябрамі ідзём у рэстаран ці кафэ. Сёлета выбралі бар «Лагуна». Калі Каляды лічу сямейным святам і еду да бацькоў, дзе збіраюцца таксама два мае браты з сем’ямі, то на Новы год весялюся з сябрамі. Паколькі не трэба гатаваць стравы на святочны стол, 30 снежня, як правіла, іду на манікюр. 31-га маю час на тое, каб азірнуцца на пражытае, прааналізаваць усё, што было добрага і не вельмі, што з планаў збылося, а што так і засталося марай.

31-га таксама на працягу дня стараюся патэлефанаваць тым сябрам і знаёмым, якія далёка ад мяне. У многіх традыцыя — віншаваць са святам пасля бою курантаў. Але ў гэты час лініі перагружаныя, не заўсёды ёсць сувязь. Лепш паразмаўляць у спакойнай абстаноўцы.

Аляксандр Шылько, індывідуальны прадпрымальнік:

— Не першы год у апошнія дні два адыходзячага года я бяру тайм-аўт ад усіх спраў, бо за год так стамляешся ад празмерных клопатаў і спраў! Здаецца, што арганізм не вытрымае такога тэмпу. У дадатак да ўсяго дні кароткія, найчасцей пахмурныя, хоць упадай у спячку, як той мядз­ведзь. 30-га тэлефаную свайму неразлучнаму сябру і прашу, каб выцепліў лазню. Дома пакідаю мабільны тэлефон і рэлаксую з венікам у парылцы. Дадому вяртаюся, нібыта нанова нарадзіўшыся, змыўшы ўвесь негатыў. Майму добраму настрою радуюцца жонка і дзеці.

Новы год сустракаем сваёй сям’ёй. Страў шмат не гатуем. У нас звычайная вячэра, хіба толькі больш фруктаў. Абавязкова ідзём на навагодняе прадстаўленне на цэнтральную плошчу. Там сустракаемся з сябрамі, знаёмымі. Дзеці чакаюць феерверка.

Ганна Януковіч, цырульнік:

— Для мяне галоўнае — паспець памыць сабе галаву. Кліентаў перад святам вельмі шмат, і ўсім трэба тэрмінова падстрыгчыся, зрабіць укладку. Некаторыя просяць прыняць іх ледзь не перад самым выхадам у госці. Не магу нікому адмо­віць, таму на сябе часу практычна не застаецца.

Дзяніс Масцяніца, вадзіцель:

— Можа, каму падасца несур’ёзным тое, што я руплюся зрабіць у апошні дзень старога года, — скласці пісьмо наступнаму і прачытаць тое, што было напісана летась. Ускрываеш канверт — і можна рабіць справаздачу з пражытых 365 дзён. Чытаеш і аналізуеш свае разважанні. Некаторыя з іх праз год здаюцца недарэчнымі, дзіцячымі, хаця незвычайных планаў ніколі не будую, на ўсё гляджу рэальна.

Алена Шакола, мнагадзетная мама:

— У мяне клопатаў кожны дзень хоць адбаўляй. А напярэдадні Новага года іх у разы больш. І хоць дапамагаюць дзеці, муж, паспець трэба шмат: устанавіць і ўпрыгожыць ёлку, прыгатаваць стравы на святочны стол. Часам раздражняюся. Але перш чым, як кажуць, «рвать и метать», раблю глыбокі ўдых-выдых і пра сябе кажу: «Дарую, адпускаю». Ведаеце, дапамагае! Галоўнае, што трэба паспець у адыходзячым годзе, — гэта хоць крыху памяняцца ў лепшы бок і папрасіць прабачэння ў тых, каго пакрыўдзіла. Нялёгка, але трэба. І тады палягчэе на душы, з’явіцца зла­джанасць у рабоце, гармонія ў сям’і.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.