Больш за 10 тон малака адпраўляюць кожны дзень на малочны завод з МТК «Буцавічы» ААТ «Камайскі-агра».
Комплекс дзейнічае толькі год. Бываць на ім мне даводзілася падчас розных семінараў. Тады іх удзельнікам паказвалі памяшканні, знаёмілі з умовамі ўтрымання жывёлы, рацыёнам кармлення. Але па-за кадрам заставаліся тыя, хто тут працуе. На гэты раз з першым намеснікам начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуардам Януковічам заехалі, каб паназіраць за работай аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, спецыялістаў.
Праходзім уздоўж памяшканняў, дзе знаходзяцца каровы ў запуску, дойны статак, малыя цяляты. Усюды шчыруюць людзі. Жывёлаводы найперш пачысцілі кармавы стол — і ўжо на ім свежая кормасумесь. За тым, каб яна не марнавалася і на стале быў парадак, сочаць жывёлаводы Вольга Чатовіч і Святлана Тарасевіч. Яны рэгулярна падкопваюць сянаж, варушаць яго. Паўнавартасны рацыён складае галоўны заатэхнік Алена Дубіна. Заатэхнік Аляксандр Кірылаў кантралюе загрузку кармоў у кормараздатчык згодна з рацыёнам. Раздае корм па секцыях Станіслаў Мацук. Летам і восенню тут заклалі дзве траншэі сенажу і дзве — сіласу. Для цялят маецца ўдосталь сена і спецыяльнага камбікорму. Атрымліваюць камбікорм і каровы.
На 1 снежня на комплексе ўтрымліваліся 984 галавы жывёлы, 568 з іх — дойны статак. Яшчэ 45 кароў і першацёлак павінны хутка расцяліцца. Эпіцэнтр комплексу — даільная зала, дзе адначасова дояцца 50 кароў. Сучаснае абсталяванне дазваляе рабіць гэта хутка і якасна. Але і аператарам трэба пастарацца. Назіраючы за іх зладжанымі рухамі, здзіўлялася іх спрыту: кожную карову, якая заходзіць у даільную залу, спачатку здойваюць уручную, мыюць вымя і апрацоўваюць саскі і толькі потым падключаюць даільны апарат. Пасля дойкі вымя зноў апрацоўваюць спецыяльным растворам для прафілактыкі мастыту.
Аператарамі з першага дня работы комплексу працуюць Жанна Букачова і Галіна Грыгель. Сёлетняй восенню прыйшлі Алена Смірнова і Алена Урбанайць. Сутачны надой на МТК складае ў сярэднім больш за 18 кілаграмаў малака ад каровы. Назіраецца тэндэнцыя да павелічэння надояў.
На 1 снежня на комплексе ўтрымліваліся 984 галавы жывёлы, 568 з іх – дойны статак.
Сутачны надой складае ў сярэднім 18 кілаграмаў малака.
Заатэхнік-селекцыянер Іна Пяткевіч і тэхнік-асемянатар Анатолій Бівідзіс клапоцяцца пра тое, каб не было збояў у ацёлах, каровы своечасова асемяняліся. Апошняга засталі каля маленькага цяляці, якое толькі з’явілася на свет, — вынік працы спецыяліста. Прафілактыкай захворванняў, вакцынацыяй, лячэннем жывёлы займаецца ветфельчар Дзмітрый Карніенка. Спецыяліст малады, але, па словах кіраўніцтва, вельмі адказны.
— Калі ўрач спецыялізуецца на адным якім-небудзь профілі, напрыклад тэрапіі ці хірургіі, то ветэрынар кампетэнтны ва ўсім, — гаварылі жывёлаводы. — Гэта і гінекалогія, і лячэнне мастытаў, і суправаджэнне нованароджаных цялят. Дзмітрый з ускладзенымі абавязкамі спраўляецца паспяхова.
Цялятак ад нараджэння да набору імі вагі 70 кілаграмаў даглядаюць аператары Людміла і Ніна Пупкевіч. Жанчыны песцяць іх, нібыта малых дзяцей. За работу абсталявання на ферме адказныя слесары Казімір Пупкевіч і Павел Партасевіч.
Хапае клопатаў жывёлаводам Валерыю Купрану, Івану Вішняку, Дзмітрыю Чухайду і Валерыю Тарасевічу. Пасля таго як Віталій Хвядзевіч амкадорам пачысціць стойлы, яны сцелюць у іх салому, дапамагаюць ветурачам пры ацёлах кароў, чыпаваць цялят, чапляюць ім ашыйнікі і яшчэ шмат чым займаюцца.
Каб захаваць высокую прадукцыйнасць кароў, пазбегнуць захворванняў, неабходна выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні кармлення і ўтрымання, праводзіць патрэбныя ветэрынарныя мерапрыемствы. За ўсім гэтым пільна сочыць начальнік комплексу Марына Кірылава. Пра яе вельмі цёпла адклікаліся работнікі, з якімі давялося гутарыць. Яны адзначалі кампетэнтнасць і прафесіяналізм начальніка, уменне знаходзіць да кожнага індывідуальны падыход, а таксама высокую патрабавальнасць.
На комплексе абсталяваны ўтульныя бытавыя і падсобныя памяшканні, пакой для адпачынку. У ім ужо ззяе агеньчыкамі лясная прыгажуня. Новых поспехаў у новым годзе вам, буцавіцкія жывёлаводы!
Анна Анішкевіч