У выхадныя ў Оршы прайшло III рэспубліканскае свята-конкурс цыркавога мастацтва «Арэна-2023». Узорнай цыркавой студыі «Каскад» на ім прысуджана 3-е месца сярод 200 удзельнікаў.
— Орша на працягу 5 гадоў з’яўляецца сталіцай цыркавога мастацтва, дзе праводзіцца гэты прэстыжны конкурс, — расказвала дырэктар Пастаўскага раённага Дома культуры Ала Чарнюк. — Пастаўчане ўдзельнічаюць у ім пастаянна і кожны раз вяртаюцца з узнагародамі.
У конкурсную праграму «Сёння на арэне» былі ўключаны 13 «каскадаўцаў». Самыя складаныя элементы выканалі Яна Зуева, Марына Танана і Вікторыя Дзіль. Мастацка-акрабатычная група ў складзе гэтых дзяўчат, а таксама Лізаветы Хмяльніцкай, Вікторыі Бейнер, Марыі Грынько, Ксеніі Вежан, Ульяны Кавакі і Арыны Варановіч паказалі пластычны эцюд «Васількі» і акрабатычны нумар з крэсламі.
Не было роўных выпускніцам цыркавой студыі Вераніцы Татыржы і Марце Дзіль, якія выступалі на двухпавярховых манацыклах. І журы, і гледачы засталіся ў захапленні ад роставых лялек — Васілька і Барыні. Іх яркія касцюмы, арыгінальна падабранае музычнае суправаджэнне выклікалі сапраўдны фурор.
Выдатна выступілі хадулісткі Нэлі Сталока і Яна Цярлюк. Каб прадэманстраваць сваю творчасць, артыстызм, пластыку, удзельніцам студыі прыйшлося тры разы мяняць касцюмы.
Гран-пры заваявалі артысты з Гомеля, 1-е месца прысуджана аршанцам, 2-е — мінчанам. «Каскадаўцы» абышлі цыркавыя студыі «Юнацтва» з Наваполацка і «Арэна» з Оршы, якія маюць званне заслужанага цыркавога калектыву. Быць трэцімі на такім высокім узроўні — ганарова. І несумненная заслуга ў гэтым кіраўніка студыі, аўтара-пастаноўшчыка нумароў Алёны Дзіль.
Анна Анішкевіч
Фота даслала Ала Чарнюк