На мінулым тыдні ў канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза адбылося пасвячэнне ў першакласнікі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія толькі пачынаюць свой шлях у чароўную краіну мастацтва.
Кожны год школа папаўняецца юнымі жыхарамі райцэнтра, якія жадаюць стаць сапраўднымі музыкантамі і танцорамі. Сёлета яе парог пераступілі 70 дзяцей. І хоць яны ўжо паспелі крыху асвоіцца тут, многага яшчэ не ведаюць. Лепш пазнаёміцца з установай дзецям і бацькам, якія таксама прысутнічалі на свяце, дапамог невялікі фільм. У ім расказалі пра ўсе аддзяленні ДШМ і паказалі, як вучаць у школе мастацтваў. Дзякуючы гэтаму гледачы змаглі пераканацца, што недарэмна выбралі яе.
Каб пасвячэнне запомнілася першакласнікам надоўга, педагогі запрасілі на свята герояў любімага многімі пакаленнямі дзяцей мультыплікацыйнага фільма «Канікулы ў Прастаквашыне» ката Матроскіна і сабаку Шарыка. Яны правялі цікавыя інтэрактывы — з дапамогай кароценькіх вершаваных загадак праверылі, як дзеці вывучылі ноты, а таксама ці ўмеюць яны танцаваць. Паказаць сябе і тое, чаму навучыліся за няпоўныя два месяцы, першакласнікі змаглі і на сцэне, выступіўшы побач з крыху старэйшымі вучнямі з музычнымі і танцавальнымі нумарамі. Была ў пачаткоўцаў і магчымасць падзяліцца сваімі чаканнямі ад вучобы ў «музыкалцы».
Галоўным жа момантам свята стала прынясенне дзецьмі і іх бацькамі ўрачыстай клятвы. Першыя паабяцалі любіць музыку, не прапускаць урокі ў ДШМ, выступаць на ўсіх канцэртах, шмат займацца дома — словам, аддавацца мастацтву ўсёй душой. Другія — падтрымліваць дзяцей у асваенні музычных інструментаў: своечасова прывозіць іх на ўрокі і забіраць дамоў, не сварыцца за дрэнныя адзнакі і заўсёды хваліць за поспехі.
Ну а затым першакласнікі атрымалі памятныя дыпломы, якія даставіў яшчэ адзін герой згаданага вышэй мультфільма — паштальён Печкін, прыехаўшы ў залу на веласіпедзе. Разам з пажаданнем паспяховай вучобы іх уручыла дырэктар школы мастацтваў Ганна Цыбулёнак. Акрамя юных пастаўчан, дыпломы першакласнікаў атрымалі і навучэнцы Лынтупскага філіяла Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза, якія таксама прысутнічалі на свяце. Цяпер усіх пачаткоўцаў смела можна назваць сапраўднымі членамі вялікай музычнай сям’і.
Алена Шапавалава