«Камсамолка, спартсменка і проста прыгажуня!» Цытатай з папулярнай савецкай кінакамедыі «Каўказская палонніца» можна ахарактарызаваць навучэнку 2-га курса Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Карыну Пацэвіч, якая нядаўна заняла 3-е месца ў рэспубліканскім конкурсе «Капітал месца» ў намінацыі «Гастрасімвалы».
Карына — будучы повар 5-га разраду, вучыцца па спецыяльнасці «Грамадскае харчаванне». Яна вельмі актыўная, ахвотна ўдзельнічае ў жыцці каледжа і не толькі яго: выступае за каманду навучальнай установы на спартыўных спаборніцтвах, з’яўляецца старастам групы 3-ГП/3 і валанцёрам Чырвонага Крыжа, нядаўна ўступіла ў маладзёжны атрад аховы правапарадку БРСМ. Таму, калі куратар яе групы і выкладчык спецдысцыплін Анастасія Краўчанка прапанавала паспрабаваць свае сілы ў «Капітале месца», адразу згадзілася.
Гэты конкурс праводзіўся з красавіка па кастрычнік Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай вывучэння і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны і сучаснага культурна-эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў Беларусі. Ён уключаў у сябе тры этапы і тры намінацыі: «Традыцыі, звычаі, гульні», «Гастрасімвалы» і «Адзенне і абутак». Карына ўдзельнічала ў другой, дзе трэба было прадставіць старажытныя стравы і напіткі, характэрныя для дадзенай мясцовасці. Спачатку яна стала пераможцай абласнога этапа і атрымала запрашэнне прыняць удзел у спартыўна-культурным фестывалі «Вытокі» ў Глыбокім і на «Дажынках» у Шаркаўшчыне, а затым адправілася ў сталіцу абараняць гонар Віцебшчыны на заключным мерапрыемстве конкурсу.
Па яго ўмовах удзельнікам намінацыі «Гастрасімвалы» неабходна было прыгатаваць і прадставіць журы па адной страве. Карына пад кіраўніцтвам Анастасіі Краўчанкі прыгатавала сем, падрыхтаваўшы на кожную вершаваную прэзентацыю (зрабіць яе дапамагла бібліятэкар каледжа).
— На маім стале былі «Наліснікі вясковыя» (бліны з начынкай з тварожнага сыру з часнаком і зяленівам), бульбяныя «медалі» і бульбяныя хрусты з рознымі соусамі, мядовыя пернікі, «Скрынка з ікрынкай» (дэсерт з дражджавога цеста са сметанковым крэмам, упрыгожаны журавінкай), «Пастаўскія какоркі» (накшталт пячэння на аснове тварагу і гарбузовага пюрэ), а таксама «Паазерская баўтанка» (напітак з бярозавага соку, настоенага на мяце, мелісе, журавінах і брусніцах), — расказвала Карына Пацэвіч. — Гэтыя стравы калісьці гатавалі на Пастаўшчыне нашы бабулі і прабабулі, і іх рэцэпты мы з Анастасіяй Васільеўнай змаглі знайсці.
Пасля прэзентацыі страў на сцэне была арганізавана іх дэгустацыя. І члены журы, а таксама шматлікія госці конкурсу маглі ўсё ўважліва разгледзець і пакаштаваць.
— Усім вельмі спадабаліся нашы прысмакі, — працягвала дзяўчына. — Яны падыходзілі, цікавіліся, як і з чаго прыгатавана тая ці іншая страва, бралі «на пробу». Размялі ўсё, што было на стале, пры тым што напякла і насмажыла я шмат і пастаянна падкладвала на талеркі. Распытвалі і пра наш каледж, у прыватнасці, якія прафесіі ў ім атрымліваюць.
Кулінарнае і артыстычнае майстэрства пастаўчанкі журы ацаніла дыпломам ІІІ ступені, дадаткам да яго стаў прыгожы памятны знак. Яны папоўнілі і без таго багатую калекцыю грамат і падзяк нашай зямлячкі, якую яна пачала збіраць яшчэ падчас вучобы ў школе. Што да матэрыяльнага заахвочвання, то Анастасія Краўчанка запэўніла: будзе хадайнічаць перад кіраўніцтвам каледжа аб узнагароджанні Карыны грашовай прэміяй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў.
Але граматы і прэміі — не галоўнае для дзяўчыны. Яна хоча дасканала авалодаць выбранай прафесіяй, каб у далейшым стаць шэф-поварам якога-небудзь сталічнага рэстарана. А для гэтага пасля заканчэння каледжа думае паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій у Магілёве. Пакуль жа з задавальненнем гатуе не толькі на практычных занятках у ПДК, але і дома для ўсёй сям’і — мамы і чатырох малодшых сясцёр і братоў. Часта — па рэцэптах з інтэрнэта. Бывае, з першага разу не атрымліваецца так, як на фота. Тады спрабуе зноў, пакуль не даб’ецца патрэбнага выніку. Ахвотна адклікаецца на просьбу бабулі прыехаць у выхадныя і дапамагчы напячы піражкоў.
Што да сваёй кароннай стравы, то ёй Карына лічыць бульбяныя хрусты. Дзякуючы конкурсу іх прыгатаванне асвоіла да дробязей. Нават праводзіла майстар-клас па смажанні гэтых старажытных прысмакаў на «Вытоках» і «Дажынках».
Алена Шапавалава
Фота Анастасіі Краўчанкі