Шануй бацькоў сваіх — гэта не толькі хрысціянская ісціна. Тое, што дарослыя дзеці павінны клапаціцца пра бацькоў, замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншых прававых дакументах.
Аднак на практыцы гэта не заўсёды так. Кожны год камісія тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва абследуе ўмовы пражывання пажылых грамадзян. Асаблівую ўвагу звяртаем на адзінокіх. Такіх у раёне 842. Падчас наведвання высвятляем, хто ў чым мае патрэбу. Самымі запатрабаванымі ў адзінокіх пажылых людзей з’яўляюцца сацыяльна-бытавыя паслугі. Гэта навядзенне парадку ў доме і на прылеглай тэрыторыі, дастаўка прадуктаў, лякарстваў, зварот да медыкаў.
Адзінокім мы дапамагаем у рамонце печаў, замене электраправодкі. Аглядавыя камісіі ёсць пры кожным сельскім Савеце. Супрацоўнічаем з імі. Паверце, часам балюча бачыць, у якіх умовах жывуць пажылыя. Прапануем ім паслугі тэрытарыяльнага цэнтра. Крыўдна, калі сацыяльны работнік ахінае клопатам і цеплынёй сваіх падапечных, а ў гэтым жа населеным пункце пражывае сын ці дачка. Толькі яны не лічаць сваім абавязкам зайсці да маці ці бацькі, прыбраць у хаце, прынесці дроў і вады, агледзець печку і проста пагутарыць.
Дзяржава аказвае вялікую падтрымку пажылым людзям, стварае ўсе ўмовы для іх дабрабыту праз рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021—2025 гады. Але ў артыкуле 100 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і сказана, што ўтрыманне непрацаздольных бацькоў, якім патрэбна дапамога, з’яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей. На жаль, ёсць нямала выпадкаў, калі мы гутарым з дзецьмі пры сустрэчы, тэлефануем, пішам ім і просім клапаціцца пра сваіх пажылых бацькоў. Часцей за ўсё пытанні ўзнікаюць адносна бяспечных умоў пражывання пажылых.
Сацыяльныя работнікі абслугоўваюць 1 041 чалавека. 208 з іх – адзінокія, 36 – карыстаюцца паслугай сядзелкі.
Дамы, дзе пражываюць пажылыя, з часам таксама старэюць. А самі гаспадары не ў стане іх адрамантаваць, замяніць электраправодку. Таму звычайна раім дзецям звяртаць увагу на печкі і дымаходы, пры наяўнасці ў іх трэшчын абавязкова затынкаваць. Каля печкі павінен быць металічны ліст, які ў выпадку выпадзення вугалёў, засцеражэ ад узгарання. У кожным жылым пакоі трэба ўстанавіць аўтаномны пажарны апавяшчальнік.
Яшчэ адна балючая тэма, калі пажылы чалавек не з’яўляецца ні адзінокім, ні адзінока пражываючым, бо пад адным дахам з ім — працаздольныя, але бесталковыя сын ці дачка, якія жывуць на пенсію бацькоў. Такія сем’і на пастаянным кантролі ў аглядавых камісій, у склад якіх уваходзяць і работнікі ТЦСАН. Нярэдка здараецца, што, каб забяспечыць належныя ўмовы пражывання бездапаможным старым, афармляем іх у аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў. Калі пенсіі ў такіх падапечных невялікія, то працаздольныя дзеці абавязаны даплачваць за догляд.
Усе мы ў неаплатным даўгу перад бацькамі. І павінны ў цяжкі для іх час падставіць сваё плячо, падтрымаць, а самае галоўнае — паклапаціцца пра іх бяспеку і зрабіць жыццё сваіх родных лепшым.
Іна Вырвіч, загадчыца аддзялення дапамогі дома ТЦСАН