Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі
З часу апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі прайшло ўжо больш за 3 гады. Але прадстаўнікі сілавых структур па-ранейшаму выяўляюць нямала фактаў захоўвання і распаўсюджвання жыхарамі рэспублікі матэрыялаў з экстрэмісцкіх сайтаў, тэлеграм-каналаў, інтэрнэт-супольнасцей і груп. Як аказалася, яшчэ не ўсе беларусы ведаюць пра адказнасць за гэта, пры тым што такая інфармацыя не раз агучвалася па тэлебачанні, у газетах і інтэрнэт-выданнях. Характэрная дадзеная праблема і для Пастаўскага раёна. Таму разам з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Паўлам Нагановічам хочам завастрыць на ёй увагу чытачоў «ПК».
— Падчас выбарчай кампаніі 2020 года многія беларусы былі падпісаныя на розныя рэсурсы, якія пазней прызналі экстрэмісцкімі, — гаварыў Павел. — Да таго ж ва ўсіх сацыяльных сетках былі распаўсюджаны групы, супольнасці і старонкі з назвамі гэтых рэсурсаў. І людзі знаёміліся з размешчанай на іх інфармацыяй, рабілі рэпосты і адпраўлялі сваім сябрам і знаёмым, ставілі лайкі, класы, што фіксавалася на іх асабістых старонках. З цягам часу ўсё там так і засталося. І цяпер у ходзе розных праверак і маніторынгаў сацыяльных сетак супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншых структурных падраздзяленняў выяўляюць гэта. Калі інфармацыя знаходзіцца ў адкрытым доступе, пачынаецца адміністрацыйны працэс.
Якія менавіта рэсурсы, групы, супольнасці і старонкі з’яўляюцца экстрэмісцкімі? Іх спіс размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у адкрытым доступе. Гэта значыць, з ім можа азнаёміцца любы жадаючы і спампаваць сабе на тэлефон ці камп’ютар. Прычым у ліку экстрэмісцкіх матэрыялаў ёсць і асабістыя старонкі беларусаў. Як, напрыклад, старонка жыхаркі Варапаева Ганны Федаронак, прызнаная такой па рашэнні суда Пастаўскага раёна. Распаўсюджванне любой інфармацыі з яе забаронена.
— З пачатку 2023 года па артыкуле 19.11 КаАП Рэспублікі Беларусь «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты ўжо 23 жыхары нашага раёна, — працягваў суразмоўца. — 22 з іх размяшчалі ў сацсетках экстрэмісцкія матэрыялы, адзін захоўваў дома лістоўкі з імі з мэтай далейшага распаўсюджвання. Камусьці па рашэнні суда прыйшлося заплаціць штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, хтосьці атрымаў адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. У многіх, акрамя таго, канфіскавалі мабільныя тэлефоны і ноўтбукі.
Як быць тым, хто раней знаёміўся з інфармацыяй на прызнаных экстрэмісцкімі рэсурсах і дзяліўся ёй з іншымі, але пакуль не трапіў у поле зроку праваахоўнікаў? Ім Павел Нагановіч раіць уважліва перагледзець свае старонкі ў інтэрнэце пачынаючы з 2020 года: што і адкуль на іх размяшчалі, якія рэпосты рабілі — і выдаліць усё, што можа выклікаць падазрэнне. Калі не ведаеце, якія групы і супольнасці з’яўляюцца экстрэмісцкім, зайдзіце на сайт Міністэрства інфармацыі. Праверыць любы рэсурс на наяўнасць у спісе экстрэмісцкіх можна таксама з дапамогай тэлеграм-бота «Стоп, экстрэмізм!». Для гэтага трэба адправіць боту спасылку на сайт або тэлеграм-канал, які вас цікавіць, і ён імгненна правядзе праверку і паведаміць статус.
Падрыхтавала Алена Шапавалава