Поставчанки приняли участие в республиканском форуме сельских женщин

Общество

16—17 лістапада ў Мінску праходзіў II Рэспубліканскі форум сельскіх жанчын. У яго рабоце ўдзельнічалі і прадстаўніцы Пастаўшчыны.

Ліну Мяшкелу амаль 30 гадоў таму з Літвы ў Беларусь прывяло каханне. Яе муж Іван — ураджэнец Сакун. Сюды да сваіх бацькоў і прывёз маладую жонку. З розніцай у паўтара года ў сям’і нарадзіліся дачушкі. Іван загадваў малочнатаварным комплексам ААТ «Камайскі-агра», Ліна ўладкавалася аператарам машыннага даення. У Камаях яны атрымалі дом.

— Прывыкаць у Беларусі было складана, — прызнаецца жанчына. — Але побач быў муж, які вельмі мяне кахаў і ва ўсім дапамагаў. Цудоўныя ў нас суседзі, з якімі амаль адначасова засяліліся на вуліцу Альфрэда Ромера. 7 гадоў таму Іван раптоўна памёр. І іх падтрымка, а таксама родных дапамагала справіцца з горам.

Лініна мама, брат, сястра і цяпер жывуць у Літве. Дзякуючы бязвізаваму рэжыму яны маюць магчымасць прыязджаць у госці. Час ад часу выбіраецца да іх і Ліна. Старэйшая дачка Мяшкелаў жыве ў Мінску. Яна — сацыяльны педагог. Малодшая — матэматык-інфарматык. Жыве ў Наваполацку.

Поставчанки приняли участие в республиканском форуме сельских женщин

Калі старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Камайскі-агра» Юлія Селівёрстава прапанавала паехаць на II Рэспубліканскі форум жанчын, Ліна збянтэжылася, але падба­дзёрылі дочкі.

Вядома, што вясковай жанчыне куды-небудзь выбрацца не зусім проста. Ліна Мяшкела ў мінулым годзе па пуцёўцы ездзі­ла ў санаторый. А вось у тэатры, як прызналася, была толькі ў маладосці. Таму моцнае ўражанне ў яе засталося ад Вялікага нацыянальнага тэатра оперы і балета.

— А сам балет! — не хавала станоўчых эмоцый Ліна. — Яркую сучасную інтэрпрэтацыю класікі глядзела на адным дыханні: элегантныя касцюмы, выдатная ігра акцёраў, цудоўная харэаграфія і музычнае суправаджэнне.

Наталля Якубёнак загадвае фермай «Лучай» ААТ «Навасёлкі-Лучай». І калі даведалася, што будзе ўдзельнічаць у форуме, адразу занепакоілася пра ферму, дзе ўтрымліваецца больш за 700 кароў, працуюць каля 40 чалавек. У загадчыцы хапае клопатаў кожны дзень. А тут трэба пакінуць усе вытворчыя справы і адпачываць. Наталлю Міхайлаўну калегі запэўнілі, што ўсё будзе ў парадку. Адказнасць на сябе ўзяла заатэхнік Рыма Нейфельд, якая некалі сама працавала аператарам і добра ведае ўсё да дробязей.

— Прызнаюся, пасля таго, як пяць гадоў таму загінуў у аварыі муж, я стала цяжкаватай на пад’ём і не вельмі люблю розныя паездкі, — гаварыла Наталля. — Жыву работай. Дочкі — у Паставах. А тут Мінск, Вялікі тэатр! Ды варта было вые­хаць, трапіць на форум, убачыць і пачуць старшыню Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіла Русага, намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Алу Ламакіну — з’явіліся новыя яркія эмоцыі. Яшчэ раз упэўнілася ў тым, што ў Беларусі высока цэняць працу аграрыяў. Арганізатары мерапрыемства да дробязей прадумалі наша знаходжанне ў сталіцы — ад афіцыйнай часткі да культурнай праграмы. Дзякуй вялікі.

— Музей Вялікай Айчыннай вайны — грандыёзны музейны комплекс, — працягвалі дзяліцца ўбачаным жанчыны. — Усе экспазіцыі размешчаны ў лагічнай паслядоўнасці. Танкі, «Кацюшы», штабныя машыны — сапраўдныя, інсталяцыі з фрагментамі баявых дзеянняў створаны ў рэальным размеры. Падчас экскурсіі акунаешся ў трывожную атмасферу і думаеш: як добра, што мы, беларусы, жывём пад мірным небам. Вялікі дзякуй Беларускаму саюзу жанчын, Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, Беларускаму прафсаюзу работнікаў АПК за арганізацыю такога маштабнага форуму. Гэта сапраўды памятны падарунак да прафесійнага свята.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.